Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вартавы.
Пашлю.

(Выходзіць).

Георгій.
Ды вось яшчэ. Я вычытаў у кнізе,
Што недзе ў Кельне, ноччу ў буру
Выпадак гэткі быў… Трымалі
Там ведзьму у турме…
Начальнік.
Як мы.
Георгій.
Яна адчула набліжэнне смерці.
А ведзьмы смерць страшная: д’яблы
Прыходзяць па душу яе у буру,
І гром і навальніца з імі йдуць.

(Блізкі гром, маланка. Вежа задрыжэла. Начальнік хрысціцца).

Манах там быў святы і папярэдзіў,
Што чуе ëн крыл Вельзевула шорах,
Што чуе серкі пах.

(Начальник турмы мімаволі нюхае паветра).

Ён раіў,
Не адкладаючы ні на хвіліну, ведзьму
З турмы адправіць, бо інакш
Згарыць турма дашчэнту… Разумееш?
Начальнік.
Я разумею, доктар… Прабачайце
Не чуе нос ваш паху серкі?..
Георгій.
Таму й паклікаў вас, што чую
І серкі пах, і крыл нібыта шум…
Начальнік.
Пайду я да суддзі, няхай адправіць
Яе хутчэй ад нас. Гэй, вартавы!
(Вартавы ўваходзіць).
Сядзь вось тут, я выйду да суддзі…
З яе вачэй не зводзь. Хрысці, калі што, крыжам.

(Начальнік хутка выходзіць. Вартавы усаджваецца на табурэт, паставіўшы яго каля дзвярэй).

Георгій.
Паслаў к аптэкару?
Вартавы.
Паслаў.
Скажы мне, чарнакніжнік…
Георгій.
Я светлых кніг і знаўца і стваральнік.
Вартавы.

Я чуў, як нейкі мніх-базыліянец