Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/162

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А розум — скарб, які пракорміць і напоіць,
Ды вось што, ойча Сіман: Товій…
Магчыма прывязе пра Маргарыту весткі…
Калі яны такія, што патрэбна знаць…
А. Сіман.
Мы знойдзем тых, якія іх даставяць.
Георгій.
Дзякуй. Ёй даставіць кнігу,
Вось гэтую. У вобліку яе
Хрыстос вянец ускладае на жанчыну —
Застаўка тут… Яна ўсё зразумее.
Свет агрубеў. Патрэбны зноў араты,
Які ўзараў-бы сэрца дзірваны,
Павырваў плевелы, спаліў агнём навукі.
Яна раджаецца у цяжкіх муках,
І болі мук мы адчуваем. Хай-жа нас
Суцешыць думка,
Што будзе свет і згіне цьма!
Благаславі нас у дарогу, ойча.
А. Сіман.
Ў імя і славу бога нашага. Амін.

(Скарына і Вацлаў Сова выходзяць. Айцец Сіман падышоў, выпіў залпам гарэлкі, сеў і грукае пальцамі па стале, на якім стаіць пясочны гадзіннік. Святло на нейкі час гасне. Калі запальваецца святло — айцец Сіман усё сядзіць у той-жа позе, але з пясочнага гадзінніка, які ён паставіў перад сабой — выцек увесь пясок: прайшло добрых 6 гадзін. Уваходзіць Товій, як быў з дарогі).

Товій.
Ну вось і я. Здароў будзь, ойча Сіман!
А. Сіман (здзіўлена і ўзрадавана).
Товій?!
(Ён узняў руку і жагнае яго).
Ў імя айца і сына…

(І, успомніўшы, што перад ім іншаверац, спыняецца).

Цьфу!
Товій.
Хрысці, хрысці ўжо да канца: усёроўна!
Бо ў Вільні, Cімане, мае адзінаверцы
Мяне на суд цягнулі ў сінагогу,
Каб нада мной анафему чытаць…
Я вырваўся, аднак армяк застаўся…
Вось дзівакі! Няўжо разумны бог
Асмеліцца быць супраць добрай справы?
А доктар дзе?
А. Сіман.

Паехаў у Нямеччыну — ні дна, ні вечка ëй!