Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі ў першай дзейнічаюць пераважна канкрэтныя гістарычныя людзі (Скарына, Бабіч, Онькаў, Глінскі і іншыя), імёны якіх запісаны ў тагачасных актах, дык у другой дзейнымі асобамі з’яўляюцца наогул людзі таго часу, імёны якіх у гістарычных дакументах альбо зусім не зафіксаваны, альбо, калі і сустракаюцца (князь Капуста), дык нічога не гавораць нашым уяўленням. Аднак, ад гэтага п’ёса «Кацярына Жарнасек» нічога не траціць у сваёй гістарычнасці, таму што ў ёй намаляваны праўдзівыя гістарычныя падзеі, якія мелі месца ў той час на Беларусі.

«Дзея адбываецца, — як гаворыць аўтар, — у сярэдзіне 16 стагоддзя. Гэта быў час, калі пры каралі Сігізмундзе-Аўгусце ІІ, апошнім з роду Ягела, узмацніўся прыток на Беларусь польскага панства, — абшарнікаў і чыноўнікаў, — які закончыўся Люблінскай вуніяй, аддаўшай Беларусь на канчатковае разграбленне польскім магнатам і шляхце».

Мы помнім, што ў трылогіі «Георгій Скарына» дзея адбываецца на пачатку ХVІ стагоддзя. Такім чынам, падзеі, якія разгортваюцца ў «Кацярыне Жарнасек», з’яўляюцца працягам падзей, пададзеных у трылогіі. І калі ў першым выпадку польскія магнаты, насаджаючы каталіцызм і змагаючыся з усім рускім, імкнуцца ідэалагічна падрыхтаваць новую вунію, дык у другім выпадку яны карыстаюць ужо з пладоў сваіх першых перамог, завяршаючы эканамічнае заняволенне беларускага народа. І таму цэнтр барацьбы ў гэтай п’есе перанесены з ідэалагічнай сферы ў сферу соцыяльна-эканамічную. Пачынаюцца сялянскія паўстанні, прыгонныя ўцякаюць на Украіну да запарожцаў, далучаюцца да казацкага руху.

Перанясенне цэнтра барацьбы з адной сферы ў другую было абумоўлена, між іншым, і тым, што пад гэты час прыгонныя трацяць нават тую мізэрную асабістую незалежнасць, якой яны карысталіся дагэтуль. Раней напрыклад, прыгонныя мелі права раз у год, на Юр’еў дзень, пераходзіць ад аднаго пана да другога. Шляхта дабілася ад караля такіх прывілеяў, якія канчаткова касавалі і гэту «свабоду» сялян.

Усе гэтыя паднявольныя ўмовы жыцця і барацьба супроць іх сялянства і складаюць змест драматычнай паэмы «Кацярына Жарнасек». У ёй паказваецца, як вяльможны князь Капуста адабраў ад сялян не толькі землі, але імкнецца адабраць і іх чалавечую годнасць. Яго натхняюць і дапамагаюць яму ў гэтым наехаўшыя з кароннай Польшчы нахлебнікі — паны Заянчкоўскі і Бобаецкі, ксёндз Антоній і іншыя.

Вобразы гэтых драпежнікаў на чале з князем Капустай выпісаны праўдзіва і ярка. Яны маюць тыповыя рысы, і ў той-жа час кожны з іх выразна акрэслены індывідуальна. Ставячы перад сабою мэту канчаткова заняволіць Беларусь і адарваць яе назаўсёды ад Масквы, яны пагрозна падыходзяць да яе вырашэння. Князь Капуста — гэта ўпэўнены ў сваёй магутнасці самадур, і ўсе яго паводзіны вызначаюцца яго-ж выразам: «У замку — я кароль; у сяле — я гаспадар».

Пан Заянчкоўскі — гэта збяднелы магнат кароннай Польшчы; ён прапіў і прагуляў свае маёнткі, але ў яго ні на кроплю не паменшала пыхі; ён храбры ў размове і баязлівы ў справе. Вобраз яго дапаўняе вобраз ксяндза Антонія — ханжы і цыніка.

Супроць гэтых магутных, але нікчэмных людзей выступаюць простыя і высокародныя людзі. Яны самааддана змагаюцца за сваё права на леп-