Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шае жыццё, за сваю чалавечую годнасць, за брацтва з рускім народам. Цэнтральнае месца сярод гэтых вобразаў займаюць вобразы Рыгора і Кацярыны. Каваль Рыгор — моцны духам просты чалавек, працавіты, поўны веры ў сілы народа і ў свае ўласныя; у яго сэрцы гарыць і не гасне імкненне да свабоды і праўды. У такім-жа плане намаляваны і вобраз Кацярыны. Рысамі, якія адцяняюць яе індывідуальнасць, з’яўляюцца шчырасць, дабрата і сардэчнасць.

Другі асноўны ў п’есе жаночы вобраз становіць Марына. Гэты вобраз напісаны ў прыўзнятым, рамантычным стылі. Часамі рэплікі Марыны залішне рытарычныя. Але вобраз яе чаруе нас вялікай сілай любві да народа і бязмежнай нянавісці да паноў. У гэтым вобразе нібы сімвалізуецца ўся векавая крыўда народа і яго прага да справядлівай помсты тым, хто заняволіў і растаптаў чалавечае жыццё.

Нельга не адзначыць у п’есе вобраза дзеда Ахрэма — лірніка і казачніка, дасціпнага чалавека, багатага жыццёвым вопытам і народнай мудрасцю. Пры ўсёй весялосці дзеда Ахрэма ў ім захаваны нейкі мудры і ўпэўнены душэўны спакой, які выражае аптымізм народа:

Сто разоў пры мне на дрэвах
Абрывала восень лісце,
А вясна іх зеляніла,
Ў ліхалецці кожным выйсце
Есць на свеце, браце мілы…

Драматычная паэма «Кацярына Жарнасек» была першым гістарычным творам Міхася Клімковіча. У ёй ёсць свае недахопы, але яна правільна вызначала кірунак пісьменніка па шляху стварэння гістарычнай драмы. Ад гэтай п’есы драматург, як мы ведаем, перайшоў да вырашэння больш складанай праблемы: адлюстраваць не толькі гістарычныя падзеі, але і канкрэтных гістарычных асоб. З’явілася «Адплата», а затым дзве часткі трылогіі «Георгій Скарына», якія ўсе разам даюць праўдзівы і выразны малюнак жыцця на пачатку і ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя.

У некаторых сваіх іншых работах Міхась Клімковіч перайшоў з ХVІ стагоддзя да сярэдзіны ХІХ. Ён напісаў драматычны абразок «На віленскім шляху» і опернае лібрэта «Кастусь Каліноўскі». Зразумелая рэч, што невялікі эцюд «На віленскім шляху», у якім падаецца эпізод з юнацкіх год Тараса Шэўчэнкі, не можа ісці ні ў якае параўнанне з шматактавымі грунтоўнымі творамі з жыцця ХVІ стагоддзя. Мы адзначаем гэты абразок, каб яшчэ раз падкрэсліць ідэю, якую Міхась Клімковіч праводзіць праз усё свае гістарычныя п’есы. Гэта ідэя аб непераадольнай прорве, якая падзяляе прыгонных сялян і панства, і аб еднасці працоўных трох братніх славянскіх народаў — рускага, украінскага і беларускага.

У творах Міхася Клімковіча ёсць і значныя недахопы. Некаторыя з іх мы адзначылі вышэй. Тут трэба заўважыць яшчэ, што верш Клімковіча не заўсёды стаіць на належнай вышыні. Аўтар часта не зварочвае патрэбнай увагі на дасканаласць мовы. Але гэтыя недахопы не павінны і не могуць засланіць ад нас таго каштоўнага, што зроблена Міхасём Клімковічам, як драматургам гістарычнага жанра. Ён першы, па сутнасці, палажыў у беларускай літаратуры пачатак гэтаму жанру ў такіх сваіх лепшых творах, як «Георгій Скарына» і «Кацярына Жарнасек». Ён ажывіў перад намі нашу