Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мой добры Андржэяка. То — сястра яго —
Анёл ахоўнік наш, яна, як маці,
Жыццёвы клопат з нашых душ здымае.
Прашу садзіцца, другі, у застолле,
Чым бог паслаў — хачу адзначыць свята
Я вашых водведаў.
(Андржэяку і Сіману.)
Сядайце й вы, сябры.
Андржэяка (бачачы, што Конач хоча паставіць на месца кнігу, якую ён разглядаў).
Дазвольце, я пастаўлю.

(Пакуль рассаджваюцца і наліваюць чаркі, ён ставіць кнігу і скідае з паліцы ключ. Марта уздрыгнула, бо бачыць, як да веранды накіроўваецца Штольц, які вышаў з сваіх дзвярэй).

Андржэяка (нагінаецца і падымае ключ).
Адкуль тут гэты ключ? Ты, Марта,
Не ведаеш адкуль ён трапіць мог?..
Марта (спалохана).
Не ведаю.

(Уваходзіць Штольц).

Штольц.
Гут морген, доктар і шаноўныя паны!
Георгій.
Гэр Штольц? Гут морген! Я прашу ў бяседу.
Сядайце тут, суседзе!
Штольц.
Па справе я, гэр доктар.

(Андржэяка накіроўваецца да яго, трымаючы ключ у руках. Штольц узіраецца ў ключ, але да яго свядомасці яшчэ не даходзіць, што за ключ у руках Андржэякі).

Андржэяка.
Мо’ справу адкладзем, гэр Штольц,
На час большш зручны?
Штольц.
Не!
Іду я к адвакату, доктар, прад’явіць
Вось гэтыя заёмныя лісты, што ласку
Вы мелі падпісаць у розных крэдытораў.
Іх тэрмін скончыўся. Калі я зараз
Не атрымаю ўсё гатоўкай, я арышт
На кнігі вашы і друкарню накладу.
Андржэяка.
Адкуль у вас лісты?
Штольц.
Скупіў!
Андржэяка.

Навошта?