Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адам.
Не, ніхто не прыдзе.
Абегаў я усіх: усе лісты прадалі.
Андржэяка.
Каму?
Адам.
Не ведаю. Не кажуць. Ім забаранілі.
Андржэяка.
Ты, разумеецца, узнаў…
Адам.
Калі пан дакляруе
Аб гэтым не сказаць на споведзі ксяндзу
І абяцае выплаціць маю пазыку.
Андржэяка.
Я слова даў. А шостай сёння
Палову атрымаеш… Хто?
Адам (шэптам).
Базыліяне.
Андржэяка (задумаўся).
Гэта вораг моцны… Слухай, брат,
Найдзі мне пакупца на дом вось гэты…
Адам.
Я пашукаю… Я прыду а шостай.

(Ён пастаяў, пайшоў, пасля збочыў у фортку паміж дварамі і пайшоў да Штольца).

Андржэяка.
Бой пачынаецца. Трымайся, Андржэяка.

(У гэты час да брамы падыходзяць: рабочы, які вязе на двухколцы кнігі, айцец Сіман і тры мужы вучоныя Прагі: Вацлаў Сова, Мікулаш Конач і Мікулаш Клаўдзіян. Айцец Сіман расчыняе шырока браму).

Айцец Сіман.
Прашу, прашу вас, госці дарагія!
Вацлаў Сова.
Няёмка трохі гэтак рана…
Мікулаш Клаўдзіян.
Пан Скарына — падвойны мой калега:
І выдавец і доктар — да турбацый,
Я думаю, прывык. Ды ён за працай.
Дзень добры, наш субрат славуты!

(Скарына выходзіць ім насустрач. Андржэяка, пакланіўшыся гасцям, выходзіць).

Георгій.
Бог ласку мне зрабіў, паслаўшы
Мужоў такіх высокіх пражскіх
У сціплы мой прытулак. Рад,
Сардэчна рад вітаць вас з добрым раннем!
Вас, пан Вацлаве, — біблія чыя
Была для нас грунтоўнаю крыніцай

Дакладных тэкстаў і майстэрства слова!