Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ёган.
Тады… вазьмі вось гэты ключ і пакладзі
Між кнігамі Францышка Скарыны,
Любой крывёю вымаж яго шпагу.
Калі-ж спытаюцца — ты скажаш: «Ноччу чула
Я нейкі шум і крык. Пасля
Прайшоў Францышак у свае пакоі»…
Марта.
А ты? Ты гэта чуў? Ты скажаш?
Ёган.
Я сёння начаваў у базыльянцаў
І толькі што прышоў. Пацвердзяць
Прысягай гэта мніхі.
Марта.
О, загадай, мой Ёган, іншае! Яго
Абвінаваціць не магу я.
Ёган.
Калі не хочаш бачыць смерць маю,
Калі мне жонкай хочаш быць, ідзі,
Зрабі, што я сказаў без слова, без развагі.
Твой грэх даруецца касцёлам: ты
Ерэтыка нам дапаможаш знішчыць.
Я сёння выеду у суседні кляштар. Там
Чакаць цябе я буду. Мніх Базілій
Цябе туды даставіць. Я скажу.
Марта.
Мне не павераць, Ёган. Ён святы,
Яму і ў вочы глянуць не змагу я.
Ёган.
Зможаш, калі любіш. Запомні: ноччу
Праз сон ты чула стогн і грукат,
І крокі доктара. Нічога болей
Я не прашу… І ключ пакласці.
Марта.
Дык пакляніся яшчэ раз ты, Ёган,
Вось гэтым перстнем, на якім ты кляўся,
Душою мацеры сваёй, сваёй айчыны лёсам,
Што ты мяне не кінеш, возьмеш шлюб.
Ёган.
Клянуся я усім святым і родным,
Што не далей таго, як Скарына
Апынецца ў турме у якасці забойцы,
Вазьму я шлюб і у Бранденбургу
Мы будзем жыць з табою. Амэн.
Марта.
Амэн.

(Яна выходзіць. Ёган глядзіць ёй услед і, калі яна знікла, кажа пагардліва.)