Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адам. Бо пойдзем мы ў бургомістра прасіць загаду —
На кнігі і друкарню арышт налажыць.
Андржэяка.
Ды што вы, звар’яцелі?
Зарэзаць курыцу, якая залатыя
Нясе вам яйкі? Вось дык розум!
Ты-ж бачыш, кніжку мы надрукавалі,
Купец прыехаў, хутка будзе Товій,
І грошы будуць…
Адам.
Товій не прыедзе.
Андржэяка.
Хто? Товій? Ты — аматар жартаў!
Ён будзе сёння тут, калі захоча.
Ты галавы яго не знаеш, спрыту?
Не злуй мяне, рэб Адам, атрымаеш
Ты першы, што павінны мы, палову.
Адам.
Палову з чвэрткаю…
Андржэяка.
На гэты раз — палову,
А чвэртку потым. Толькі — ц-с-с!
Нікому каб ні слова,
Бо долю я тваю, рэб Адам, падзялю
Паміж усімі, хто услед прывалачэцца
За доўгім языком, які ты не стрымаеш.
Адам.
Хай мой язык тады адсохне.
Андржэяка.
Амэн.
Ідзіце, рэб Адам, людзям на вочы
Не вытыркайцеся занадта. Сёння ў шэсць.

(Ён выправаджвае крэдытора і калі зачыніў фортку за ім і вярнуўся на веранду — засмяяўся).

Андржэяка.
Пазбыўся аднаго. А колькі іх за дзень
Яшчэ прывалачэцца, калі грошы счуюць?
Бр-р-р! Пайду будзіць Францышка!

(Андржэяка выходзіць праз веранду. Тады са склепу паказваецца Марта, за ёй Ёган. Ёган замыкае склеп і дае ключ Марце).

Ёган.
Вазьмі, схавай. Пад вечар пакладзеш
За брамай пад шуло ты неўзаметку,
А я паведамлю айца Базылія за дзень.
Марта.

А як спатрэбіцца што Штольцу у склепе?