Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сабе задачай зварот да сапраўднега хрысціянства і ў вучэнні, і ў жыцці; сяляне хацелі таго-ж… Яны разумелі, што нельга звязваць рабства і падчыненне, у якім яны жылі, з вучэннем Бібліі» (К. Маркс і Ф. Энгельс, т. ІІ, стар. 402). Праўда, Лютэр потым здрадзіў сялянству; кіраўніком сялянскага руху стаў Томас Мюнцэр. І Міхась Клімковіч правільна ўкладвае ў вусны Георгія Скарыны рэпліку пра Лютэра:

Кум-ціхаход, яго так Мюнцэр дражніць, —
Плоць тлустую сваю між небам і зямлёй
Павесіў: богу свечка, чорту качарга.

Гэта ў вельмі асцярожнай форме характэрныя адносіны Скарыны да Лютэра і Мюнцэра, а значыць — і да сялянскага пытання таго часу. Аўтару трылогіі для такой характарыстыкі Скарыны даюць падставы і дзейнасць, і заўвагі апошняга, раскіданыя ў прадмовах і пасляслоўях да надрукаваных ім кніг.

Вобраз Георгія Скарыны вызначаецца яшчэ адной высокароднай рысай — самаахвярнасцю. Тут можна прыгадаць, напрыклад, цудоўны момант, калі Скарына, пачуўшы, што Маргарыце не ўдасца развесціся з Адвернікам, па сутнасці назаўсёды расстаецца з сваёй марай. Але ён не думае аб сваім шчасці, ён думае аб шчасці іншых і гаворыць Маргарыце: «Аддай ты дзецям сэрца».

Вобраз Скарыны абмаляваны ўсебакова. Весялосць і дасціпнасць, глыбокі розум і адукаванасць, любоў да таварышоў і простых людзей, упартасць і цвёрдая воля, адданасць народу і сваёй зямлі, — усё гэта арганічна спалучаецца ў вобразе Скарыны. Многія рэплікі, якія характарызуюць Скарыну, узяты Клімковічам амаль цалкам з яго прадмоў і пасляслоўяў. На пытанне, якія думкі хацеў Скарына данесці да таго, хто возьме яго кнігу ў рукі, ён адказвае:

Любіць зямлю сваю і свой народ,
Як птушка польная — гняздо сваё,
Як рыба — вір, як звер — сваю бярлогу,
І бараніць яго, як пчолы вулей
Бароняць ад чужых і сквапных лап.
Другая думка — аб карысці працы,
Ахвярнай працы на карысць народа,
На колькі сіл стае, на колькі служыць розум.

У гэтай цытаце выразна адчуваюцца сапраўдныя вядомыя словы Скарыны, і яны надаюць сапраўдны каларыт усёй асобе Скарыны.

Нядрэнна выпісаны ў трылогіі «Георгій Скарына» і многія іншыя вобразы, асабліва айцец Сіман, Дарота, Скамарох і яго прыяцель Сцяпан і суддзя. На іх ляжыць выразны адбітак іх часу. Суддзя, напрыклад, гаворыць, што праўда заўсёды ў багатага, таму што ён не ўкрадзе, не заб’е, бо яму няма ў гэтым патрэбы.

А бедны што? Не ўкраў, дык украдзе,
Як сёння не салгаў, дык заўтра ён салжэ;
Не вінаваты ў тым, за што падсудны сёння,
Дык сто разоў раней яго судзіць я мог, —
Калі-б папаўся ён, — за гэткае-ж злачынства.

Ужо з адной гэтай рэплікі відаць не толькі рысы дадзенага суддзі, а і наогул норавы і мараль суддзяў таго часу.