Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ІІ

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына.
Товій.
Айцец Сіман.
Ёган фон-Шпілер.
Андржэяка — прыяцель Георгія.
Марта — яго сястра.
Вацлаў Сова — адзін з выдаўцоў чэшскай бібліі 1506 года.
Мікулаш Конач - чэшскі паэт і кнігавыдаўца.
Мікулаш Клаўдзіян — доктар і кнігавыдаўца.
Рэб-Нохім — памочнік Скарыны па перакладах бібліі.
Адам — крэдытор.
Штольц — немец.
Базыліянскі манах — немец.
Вацлаў — пастух.
Некалькі манахаў базыльянцаў.

1519 год. Прага Чэшская. Павернутая тылам да гледача частка двух суседніх двароў: двара Андржэякі, у якога кватаруе Георгій Скарына, і яго суседа немца Штольца. Паміж дварамі нізкая агарожа, абсаджаная кустамі, з патайной форткай у ëй. Злева відаць частка дома Андржэякі са шкляной верандай. Абстаноўка на верандзе такая, як на старыннай гравюры з партрэтам Скарыны: гэта рабочае месца доктара, дзе ён займаецца перакладамі кніг. Побач з верандай уваход у дом, а над ім лесніца з парэнцамі на балкончык, прылеплены да паддашша. На балкончыку ўсторкнуты на спецыяльнае прыстасаванне дайні́ца і некалькі гладышоў. Дом справа іншай архітэктуры: відаць востраверхая кутняя вежа. На вільчыку яе флюгер у выглядзе чорнага ката і каваная стужка з надпісам-прораззю па-нямецку: «Адкуль вецер, адтуль шчасце». Каля вежы таксама леснічка на паддашша і балкончык. З другога боку вежы шырокае акно і ўваход у дом. Паміж дамамі — на заднім плане — жалезная агарожа, брама і фортка ад вуліцы. Відавочна агарожа агібае дамы і канец яе відаць злева. Толькі тут яна каменная па грудзі чалавека і праз частакол над мураванай часткай, калі праходзіць чалавек, відаць яго галава. У двары некалькі дрэў і кустоў у вясновай квецені, склеп і дворныя будоўлі. Але ўсё гэта ў ранішнім змроку і толькі паступова вырысоўваецца па меры світання. Усё больш і больш ружавее неба. Дзесьці паблізу залопаў і праспяваў певень. Яму азваўся другі. На далёкай званіцы бомкнуў звон і, нібы спрасонку, неахвотна, раз-по-разу бомкае яшчэ некалькі разоў. Ціха расчыніліся дзверцы на правым паддашшы і на балконе паказалася жаночая постаць. Відаць, як нейкія рукі (сам чалавек стаіць у цемры дзвярэй паддашша) трымаюць