Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адвернік.
І думаць нечага.
Нам трэба пашукаць такога чалавека,
Які-б пайшоў на рызыку сваім дабром,
А магістрат у страты каб не ўводзіць.
Радца.
Ці знойдзецца такі?
Адвернік.
Свет не без добрых душ. Не толькі-ж каліта,
А й слава горада свайго, сталіцы, быць павінна
Для сэрца блізкай кожнаму між нас,
Ну, разумеецца, прынамсі тым, хто лішні
Грош мае у кішэні.

(Уваходзяць Ёган фон-Шпілер з сваім пісцом, а за ім айцец Мацей з айцом Сіманам).

Бабіч.
Сардэчнае вітанне вам, легаты епіскопій,
Ад магістрата Вільні. Добры дзень!
Ёган.
Дзень добры, гэр бургомістр!
Адвернік.
Дзень добры вам, гэр Ёган!
Ёган.
Гэр Юрый, добры дзень!
Айцец Мацей.
Праслаўным радцам града Вільні,
Што пад апекай боскаю квітнее,
Kіp Ёсіп перадаў праз нас смірэнных
Сваё высокае благаславенне.
Айцец Сіман.
Здраў будзь, Георгій сын Скарыніч!
Георгій.
Як бацьку роднага, вітаю, ойча Сіман!

(Ён раскрыў абдымкі, але Сіман прытрымаўся).

Айцец Сіман.
Не блудным сынам ты прышоў к нам на радзіму?
Георгій.
Не, ойча мой!
Айцец Сіман.
Тады здраў будзі, сын мой!

(Абнімаюцца і тройчы цалуюцца).

Георгій (у перамешку з пацалункамі).
Ну што, стары?
Гара з гарой не сходзіцца, як кажуць,

А людзі сходзяцца… Здраў будзі!