Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Што справядлівасцю і розумам найсветлым
Ўсе сэрцы віленчан к сабе схіліў.
І вам, і вам, панове і сябры!
Радцы.
Цябе вітаем, слаўны муж навукі!
Бабіч (у дзверы).
Гэй, Іване! Служка!
Дай крэсла ганаровае для госця!

(Вартаўнік і Сцяпан уносяць крэсла, абітае чырвоным сукном і ставяць яго ля бургомістравага стала. Вартаўнік і Сцяпан абменьваюцца поглядамі і словамі: «Гэты?» — «Гэты»).

Бабіч.
Сядай, высокі госць наш!

(Скарына садзіцца).

Бабіч.
Сядайце й вы, панове радцы!

(Радцы садзяцца. У гэты час Сцяпан неўзаметку кладзе ў рукі Георгія Скарыны ліст).

Бабіч (да слуг).
Яшчэ два крэслы прынясіце і пастаўце
Вось тут і тут — для двух легатаў
Ад епіскопій грэцкае і рымскай веры.
Георгій.
А іх няма яшчэ?
Бабіч.
Чакаем, будуць зараз.
Георгій.
Тады прабачце мне, я прачытаю ліст, Што прачытаць не меў дагэтуль часу.

(Ён паглыбляецца ў чытанне ліста. Вартаўнік са Сцяпанам прыносяць крэслы. Адвернік згрупоўвае вакол сябе некалькі радцаў).

Адвернік (групе радцаў).
Ну як, сябры? Ці думалі, адкуль
Узяць магчыма грошы на друкарню?
Радца.
Калі не шмат…
Адвернік.
Не шмат не выйдзе у справе невядомай,
Да таго-ж
Не кожны грош у справу лучыць проста:
Тут рызыка і пошук, — зробіш, ды не так,
Тады перарабляй, а грош тымчасам згінуў.
Радца (упоўголаса).
Ну, гэткі грош хай плаціць ён…
Адвернік (таксама).
Як ёсць з чаго…
Радца (таксама).

Ты думаеш?