Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Так паступіў і Міхась Клімковіч. Ён у першай частцы трылогіі нарысаваў нам юныя гады Скарыны, праўдзіва і ярка напісаў абставіны, у якіх жыў (ці, праўдзівей кажучы, мог жыць) Скарына ў доме бацькі ў Полацку, затым у Вільні і ў Кракаўскім універсітэце і, нарэшце, у Падуі. У другой частцы трылогіі таксама свабодна і праўдзіва намалявана жыццё Георгія Скарыны ў Вільні і яго дзейнасць у Празе.

Аднак, супроць некаторых момантаў як у першай, так і ў другой частцы трылогіі можна запярэчыць. Так, напрыклад, некалькі надуманай здаецца карціна, у якой Скарына сустракаецца ў цясніне каля Падуі з разбойнікамі — «браво». Яна, па-першае, зусім выпадковая, для яе ў біяграфіі Скарыны няма ніякіх падстаў, калі не лічыць таго, што Скарына быў у Падуі. Па-другое, яна прыгодніцкая, і таму не адпавядае ўсяму характару трылогіі.

Тое-ж самае можна сказаць і аб месцы ў п’есе князя Міхаіла Глінскага. Выклікае сумненне не столькі тое, што для ўвядзення ў п’есу Глінскага няма падстаў у біяграфіі Скарыны, колькі сама трактоўка гэтага вобраза. Міхаіл Глінскі падаецца ў п’есе як прадстаўнік рускага кірунку. Але нам вядома, што Глінскі прыняў у свой час каталіцызм, быў фаварытам караля Александра, пасля — маскоўскага князя Васлія, якому таксама здрадзіў, і хацеў пазней перайсці на бок Сігізмунда.

Праўда, праз нейкі час цар зняў з яго апалу, ажаніўся з яго пляменніцай Аленай Глінскай і нават прызначыў, паміраючы, Міхаіла Глінскага адным з апекуноў свайго малалетняга сына Івана ІV. Але папярэднія хістанні Глінскага гавораць за тое, што Глінскі не мог быць паслядоўным барацьбітом за рускую справу. А значыць і яго роля ў барацьбе сям’і Скарыны за рускую народнасць некалькі перабольшана.

Не зважаючы на гэтыя і іншыя, больш дробныя, недахопы, Міхась Клімковіч у першай і другой частцы трылогіі «Георгій Скарына» даў правільны і глыбокі паказ тагачаснай рэчаіснасці з яе вострай соцыяльнай і нацыянальнай барацьбой, якая часта прыймала тады форму рэлігійнай барацьбы.

Гісторыя і сутнасць гэтай барацьбы наступныя.

У 1386 годзе адбылася вунія Літвы і Польшчы. Беларускія вобласці, якія дагэтуль былі пад уладай Літвы, трапілі пад уладу Польшчы. Год за годам польскія магнаты ўсё больш і больш распасціралі сваё панаванне над беларускімі землямі. Найбольшы прыгнёт, зразумела, цярпеў у выніку гэтага просты народ — прыгонныя сяляне і бяднейшыя пласты гарадскога насельніцтва. У пошуках ратунку іх погляды былі скіраваны на ўсход, да адзінакроўнага рускага народа. Баючыся гэтых тэндэнцый беларускага народа, польскія паны пачынаюць праводзіць яшчэ больш жорсткую паланізатарскую палітыку. З мэтай апалячвання яны сілаю насаджваюць сярод праваслаўнага беларускага насельніцтва каталіцызм.

За сто год пасля вуніі значная частка дваранства Беларусі моцна апалячылася і прыняла каталіцызм. Вернымі старой, праваслаўнай рэлігіі заставаліся «галоўным чынам прыгонныя, у той час як іх высокародныя паны амаль усе былі рымска-каталіцкай веры» (К. Маркс, Ф. Энгельс: т. ХIII, ч. І, стар. 160).