Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1486 года. Больш-менш цвёрда можна сцвярджаць, што час нараджэння Скарыны падае прыблізна на год блізкі да 1486 года.

Пачатковую асвету Георгій Скарына атрымаў дома. У 1504 годзе ён паступіў на філасофскі факультэт Кракаўскага універсітэта, дзе ў 1506 годзе атрымаў годнасць бакалаўра. Пасля гэтага Скарына дзесьці яшчэ вучыўся шэсць год, але дзе, — невядома. У 1512 годзе ён, маючы ўжо годнасць доктара «сямі свабодных навук», прыбыў у Італію, у горад Падую, каб трымаць экзамен на доктара медыцыны. Бацька яго — Лукаш пад гэты час памёр, і Скарына жыў, відаць, у нястачы, не меў чым заплаціць за экзамен. Віцэ-прыёр Т. Мусаці прызначыў 5 лістапада 1512. года паседжанне прафесараў медычнага факультэта, на якім Скарыне было дазволена трымаць экзамен бясплатна.

Шостага лістапада, у прысутнасці чатырнаццаці прафесараў, Георгій Скарына трымаў уступныя экзамены, а дзевятага лістапада сабралася медычная калегія падуанскага універсітэта з дваццаці чатырох асоб, пад старшынствам вікарнага біскупа П. Забарэллі, і пачаліся экзамены Скарыны на годнасць доктара. Пасля экзаменаў Скарына аднагалосна быў прызнаны варты гэтай годнасці, якую ён і атрымаў з рук прафесара Бартламея Барызоні.

У 1517–1519 гадах Скарына знаходзіцца ў сталіцы Чэхіі Празе і друкуе там сваю біблію. У 1525 годзе яго друкарня працуе ўжо ў Вільні, у доме віленскага бургомістра Якуба Бабіча. Даследчык Скарыны П. В. Владзіміраў гаворыць, што «ў Германіі хадзілі размовы аб адносінах Скарыны да Лютэра.» Некаторыя другія гісторыкі сцвярджаюць, што па дарозе з Прагі Скарына наведаў Вітэнберг, дзе тады выступаў Лютэр. Католікі абвінавацілі яго ў сувязях з Лютэрам. Скарыну арыштавалі і засудзілі на спаленне, але ён неяк апраўдаўся і прыехаў у Вільню. Тут Скарына некалькі год, пры грашовым падтрыманні Онькава і Бабіча, працуе над сваімі выданнямі. Пасля-ж таго, як Скарына кінуў друкарскую справу, ён быў сакратаром і лекарам віленскага біскупа.

Прыблізна каля 1529 года Георгій Скарына ажаніўся з удавою віленскага мешчаніна Юрыя Адверніка — Маргарытай. Пад гэты-ж час памёр брат Скарыны — Іван, які гандляваў у Пазнані шкурамі. Па яго смерці засталося шмат даўгоў, якія падалі і на Георгія Скарыну, паколькі маёмасць у іх была агульная. За гэтыя даўгі Скарыну ў 1532 годзе арыштавалі і пасадзілі ў пазнанскую турму. Аб гэтым даведаўся пляменнік Скарыны — Раман. Ён прыехаў з Гданску і пачаў дабівацца вызвалення Скарыны, які ў чэрвені месяцы і быў выпушчаны на волю. Але судовая справа цягнулася далей, і па гэтай справе ў дакументах 1535 года апошні раз упамінаецца імя Георгія Скарыны.

Вось і ўсе тыя дадзеныя, якія мы маем аб Скарыне і якія здабыты на падставе пэўных гістарычных дакументаў. Зразумела, што пісьменнік, узнаўляючы вобраз Скарыны, не можа абмежавацца гэтымі скупымі і не звязанымі паміж сабою фактамі з біяграфіі Скарыны. Ён можа і мае права дамысліць сувязі і пераходы паміж гэтымі фактамі, ажывіць іх некаторымі новымі рысамі і дапоўніць мастацкую біяграфію сваімі здагадкамі. Важна, каб усё гэта было зроблена ў духу эпохі і ў характары гістарычнай асобы, якую малюе пісьменнік.