Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Товій.
Як прававерны бога, штохвілінна!
Маргарыта (таксама).
І не кляне?
Товій.
Благаслаўляе!
Дарота (перапыняе).
Вы колькі тут, у Вільні?
Товій.
Тыдзень.
Дарота (строга). І ён не мог…
Товій.
Ён не хацеў спакой яе трывожыць,
Пакутваў сэрцам сам. Ён мне казаў:
«Калі-б я мог яе пабачыць, Товій,
Пачуць з каханых вуснаў яе: «Юрка» —
Ўсе дзесяць год пякельнае пакуты
Ў адзіны міг з душы-б маёй зляцела!“
Маргарыта.
Замоўкніце… Не, не! Кажыце!
Товій.
Што ні скажы я, будзе ўсё не тое,
Што скажа ён вам поглядам сваім.
Дзе ён пабачыць вас?
Маргарыта.
Пабачыць? Божа!
Дарота.
Скажы Георгію, няхай ён зойдзе
У дом Дароты, што на рынку, сёння
У час нешпара… па справе пільнай
Яго друкарні… Не забудзеш?
(Да Маргарыты.) Пойдзем,
Бо зараз вернецца Адвернік.

(Яна амаль сілком выводзіць Маргарыту. Товій стаіць ашаломлены).

Товій.
Як расцвіла яна за гэтых дзесяць год!
А суму у вачах!.. Мадонна Рафаэля!
Я сам, падхоплены нябачнай хваляй,
Гатоў за ёю плыць… Прэч, прывід, прэч!
Развейся у паветры! Не, не хоча…
Заплюшчу вочы, — ззяе ў поўным бляску,
Гарыць душа агнём мне невядомым,
Праменіць з воч, і вабіць, цягне…
Здаецца, падыйдзі, рукой даткніся, —
І цеплыня і шоўк адзеж яе апаліць…

(Ён заплюшчыў вочы, працягнуў руку, зрабіў некалькі крокаў да дзвярэй, услед Маргарыце і… натыкаецца на ўвайшоўшых у гэты час Адверніка і Мардахая).

Адвернік.

Варожыш, іудзей?