Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я застануся тут, хачу пабачыць
Хоць вокам, хоць адным! Хачу пачуць
Хоць слова з яго вуснаў…
Дарота.
Цс-с-с!
Ты хочаш сораму на галаву сваю?
Маргарыта.
Я ля дзвярэй стулюся у куточку,
Зірну і выйду, маці…
Дарота.
Убачаць людзі, бы у званы зазвоняць.
Маргарыта.
Што я людзям? Прышла сюды за справай,
А мук душы маёй ніхто не знае.
Дарота.
Муж ведае. Ты хочаш пекла у доме?
Маргарыта.
Там пекла ўсё адно.
Дарота.
Сталейшай будзь. Хто знае, ён якім
Сюды вярнуўся? Чула-ж, доктар
І кнігапісец слынны… На цябе
Mo’ і зірнуць ён не захоча болей.
Жаніўся мо’ даўно…
Маргарыта (упаўшым голасам).
Я згодна… пойдзем.
Дарота.
Уто-ж бо то. Раней я распытаю,
Прачую між людзей, і калі што якое,
Знайду сама вам час і месца лепей…
Хай будзе грэх той на маёй душы.

(Уваходзіць Товій).

Товій.
Дзень добры вам! (Узіраецца ў Маргарыту.) Даруйце…
Дарота.
Дзень добры. Хто ты?
Товій (Маргарыце).
Даруйце мне, але, здаецца, бачыў
Я вас калісьці? Вы — не пані Маргарыта?
Маргарыта.
Я вас не помню…
Товій.
Я — Товій, я — слуга і друг
Францышка Скарыны, слаўнейшага між слаўных.
О, як мой пан быў рад-бы вас пабачыць!

Маргарыта (ціха). Мяне ён помніць?