Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рух і вялася ў форме вострай рэлігійнай барацьбы паміж каталіцызмам і праваслаўем.

Не менш зацятая барацьба ішла і ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Даведзенае памешчыкамі да жабрацкага становішча сялянства імкнулася разарваць кайданы прыгону і атрымаць зямлю. Пад гэты-ж час пачынаецца на Беларусі і нацыянальна-вызваленчы рух, водгук якога мы маем і ў паўстанні 1863 года, па чале з Кастусём Каліноўскім.

Як бачым, гістарычныя часы, на якіх канцэнтруе ў сваіх творах увагу Міхась Клімковіч, насычаны вострай барацьбой і вызначаюцца вялікімі падзеямі. Зразумела, што бурныя эпохі ствараюць заўсёды і яркія, каларытныя гістарычныя фігуры. Усё гэта дае пісьменніку ўдзячны матэрыял, багаты драматычнымі калізіямі і моцнымі характарамі.

Не цяжка заўважыць таксама, што як у ХVІ, такі ў ХІХ стагоддзях соцыяльная барацьба ў Беларусі цесна пераплятаецца з нацыянальнай барацьбой беларускага народа за сваю мову і культуру. Не толькі соцыяльны, а і нацыянальны ўціск з боку польскіх магнатаў выклікаў у беларускага народа цягу да Масквы, да рускага народа, які быў родны яму і па мове, і па звычаях, і па рэлігіі. Гэта спрадвечная еднасць беларускага і рускага народаў, шматвяковая барацьба за яе даюць пісьменніку ўдзячны матэрыял для стварэння мастацкіх твораў, насычаных глыбокім совецкім патрыятызмам.

Усе гэтыя акалічнасці і вызначылі выбар Міхасём Клімковічам тых тэм, на якія напісаны яго гістарычныя п’есы. І трэба яшчэ раз сказаць, што выбар гэты зроблены слушна. Міхась Клімковіч упершыню ў практыцы беларускай літаратуры падняў з архіваў надзвычай багатыя і яркія матэрыялы аб жыцці і барацьбе нашага народа і на падставе іх стварыў каштоўныя па сваёй ідэйнасці і мастацкай праўдзе драматычныя творы.

Як ужо зазначалася вышэй, на матэрыялах ХVI стагоддзя Клімковіч напісаў чатыры п’есы — «Кацярына Жарнасек», «Адплата» і першую і другую часткі трылогіі «Георгій Скарына». Першаю па часу напісання з’яўляецца драматычная паэма «Кацярына Жарнасек». Але нам здаецца, што лепш будзе разглядаць іх не па часу напісання, а па храналогіі тых падзей, якія ў іх разгортваюцца.

Першая частка трылогіі «Георгій Скарына» пачынаецца 1504 годам і канчаецца 1512 годам; другая частка пачынаецца 1514 і канчаецца 1519 годам. Такім чынам, яны абдымаюць сабою пятнаццаць год жыцця і дзейнасці Георгія Скарыны — першага беларускага друкара і выдатнага чалавека, які шмат зрабіў для пашырэння пісьменнасці і асветы на Беларусі.

Няма патрэбы расказваць тут сюжэт гэтых твораў М. Клімковіча, паколькі чытач пазнаёміцца з імі сам. Куды больш важным з’яўляецца адзначыць, што ў гэтым сюжэце адпавядае сапраўдным фактам, засведчаным у гістарычных дакументах, а што з’яўляецца творчым домыслам самога драматурга.

З гістарычных дакументаў вядома, што Георгій Скарына нарадзіўся ў Полацку, у сям’і заможнага купца-мешчаніна. Дакладна час яго нараджэння не вядомы; ёсць меркаванні, што Скарына нарадзіўся 6 сакавіка