Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аднэю каваю, ды не праўдзіваю, а меленаю з жалудоў. Сям‘я-ж, праўда, невялічкая была: сам ды жонка з тэю дачкою Эльзаю.

Дужа блізка ўзяў Васіль да сэрца бядацкае жыцьцё свае каханкі і пасабляў чым мог, цягаючы патрошкі з бацькавае гаспадаркі. Дадзела яму гаткае жыцьцё, і прышоў ён раз да бацькі прасіць, каб дазволіў бы яму жаніцца з немкаю і сесьці, з панскай ласкі, на гаспадарку. Пэўна, з тых замераў нічога-б і ня вышла, бо з хлапца ніякі быў гаспадар, яму абы часіна — зараз маляваць, а маляваньнем хлеба ня прыдбаеш. Але старому не спадабалася, што з немкаю. Сварыўся ён на сына-неўдалюгу, а колькі раз нават і з хаты выганяў.

Васіль, бывала, кажа:

— Тата! Сын я вам ці не? За што вы гневаецеся? Я-ж яе кахаю. Не вінават я, што кахаю, а яна не вінавата, што яна немка. Дазвольце мне жаніцца і сесьці на гаспадарку.

— Колам ты сядзь, сынок, — кажа яму бацька. — Каб я з месца ня сышоў, колькі я дам табе хаця што-небудзь.

— Вы не давайце. Вы толькі дазвольце мне жаніцца.

— Як? Дык ты нічога і ня просіш у мяне, сынку? А хацеў-жа сесьці на гаспадарку?

— Калі будзе на чым, сяду. А не — я з свайго промыслу пражыву. Я абразы ў царкву буду маляваць. Да млынара дзе-небудзь у памагачыя прыстану.