Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сасна

І ёсьць на нашым полі вялізная кучматая сасна, старая-прастарая. Стаіць яна ўбаку ад новае дарогі, там, дзе калісь праходзіў стары шлях. Гаспадар шнура, на якім яна прышлася, даўно зьвёў-бы яе со сьвету, каб не баяўся, што ад гэтага яму трапіцца нейкая бяда. Дый усе людзі так прызвычаіліся бачыць гэтую сасну, што без яе, здаецца, і поле нашае было-б ня тое.

Вось аб гэтай-то сасьне многа чаго кажуць старыя людзі, спамінаючы стары, даўнамінулы час.


Яшчэ да вольніцы жыў у нашай вёсцы заможны гаспадар. Шмат грошы назьбіраў ён за сваё жыцьцё, бо скнарыца быў — што няхай такіх ня будзе. Прадасьць, бывала, збожжа, лён ці канаплі, дык бубліка дзяцём ня купіць на гасьцінец. А калі зьявіліся пазьнейшым часам крупадзёркі і млыны, то нізашта не хацеў завезьці, каб яму абдзёрлі ці змалолі; бабы мусілі, як і даўней, таўчы-душыцца ў ступе крупы і малоць мелева на сваіх хатніх жорнах.

Меў ён чатырох сыноў. Тры засталіся гаспадарыць, а самы маладзейшы, на ймя Васіль, з панскага загаду прыстаў да немца--