Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ненькае зуб аб зуб: д-д-д-д… Яна схапілася з пасьцелі і падышла ды нахінулася: — „Што табе? Чаго маўчыш?“ — А ён усё маўчаў. — „Што табе!“ — крыкнула ў упудзе і кінулася паліць лучыну. — „Н-н-не п-п-па-л-і-іі“ — насілу вымавіў, трасучыся ўвесь, мужык, а тады сьцюдзёнымі ліпкімі, як мярцьвец ці жаба, пальцамі ўзяў яе за руку і пацягнуў к акну. Шлёпаў голаю, разутаю нагою і чвякаў другою, абутаю. І калаціўся, як асінавы ліст пад вялікім ветрам. Яна з жахам зірнула ў акно… Прыхіліўшыся да яе вуха, ён стаў шаптаць, вымаўляючы склад за складам, слова за словам: ці не стаіць там на месячным відным надвор‘і, на гародзе, між блізкаю, віднейшаю пуняю і далячэйшым, цёмным гумном, пахілая чорная постаць? Жонка слухала і глядзела, як зачараваная. Тады раптам жахліва адшаснулася ад акна: хоць там, пэўна-ж, нічога ня ўбачыла, але і ёй здалося, што быццам нешта чорнае мільгаецца там у ваччу. Яна рынулася к полу, схапіла там першае што трапіла пад руку, — спадніцу — і, распасьцёршы яе ў руках захінула акно. У хаце зрабілася цёмна і нязручна, але затое забаронна ад надворнага ліха. Зачапіла яна спадніцу адным ражком за крук у сьценцы, а другі падціснула пад налесьнік. Край спадніцы апаў… Вузкая коска белага месяца няроўна праскачыла ў хату — і спалохала іх абаіх. Ня палячы сьвятла, памагла жонка мужыку ўзьлезьці на пол, на пасьцелю, на якой ён і пракачаўся дзён дваццаць з гакам у хваробе і выпятрыў на шчэпку ад гарачкі…