Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палячка тая вазьмі дый улюбіся ў нашага музыку.

Узяла на вока простага дзяцюка.

Каб ня быў такі ганарлівы, то рэч у той мінулы час звычайная. Пан бавіцца з палюбоўніцай, а палюбоўніца яшчэ каго ў сэрцы мае.

Аж тут вышла цэлая гісторыя. Арцём дзяцюк быў гэткі: як ня любіў, то й прыкідацца не хацеў…

Выедзе пан Дастаеўскі да Аршавы або ў госьці да суседзяў, або на ловы ў пушчу, — палячка толькі таго й чакае. Гукнець мальца да сябе і просіць, каб ён іграў.

Пакуль Арцём ня ведаў, у чым справа, іграў палячцы розныя наскія песьні, да якіх мела яна вялікую цікавасьць, бо ніколі раней ня чула іх. Нават гаманіць панаску трохі нялася, каб, знацца, лягчэй апанаваць яго.

Але, як зразумеў музыка, што ня простым вокам глядзіць на яго панская палюбоўніца, што не здарма распушчае перад ім свае даўжэнныя, чарнюсенькія, быццам вугальле, косы, што ня так сабе хмурыць свае бровы, што не абы-чаго ў яе на бел-румяным твары якоесь нецярплівае, капрыснае ламаньне, — як заўважыў усё гэта, страціў ахвоту іграць ёй песьні.

А дзяўчына бачыць, што хлопец ганарлівы, — і пэўнасьць страціла сваю.

Вядома, як жанчына страціць пэўнасьць, то робіцца як-бы якая няпрытомная. То плача, то сьмяецца, то злуе-халяруе, нічога ў сьвеце ёй тады ўжо не смакуе, і кожны лёгка заўважыць яе каханьне.