Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Палячка была з людзьмі абыходлівая і шмат хто шкадаваў яе, бо ведама-ж: і ў панскай палюбоўніцы ёсьць чалавечае сэрца, і яна-ж на сваім хлебе — чалавек.

Шкадуюць людзі палячку, наракаюць на Арцёма за ганарлівую натуру.

А музыцы нашаму дадзела тое горш за рэдзьку. І сам ён шкадаваў прыгожую палячку, ды раз на злосьць усім сказаў камусьці гэтак: „Не хачу за панам падбіраць… Няхай яна сабе другога пашукае!“

Злыя людзі вазьмі і дакажы палячцы.

От-жа вышла гісторыя, зусім, як у тэй бібліі аб Язэпе тым Прыгожым і начальнікавай жонцы.

Прыехаў пан, палячка з роспачы й назводзіла яму на беднага музыку. — „Так і так, кажа, „лез гэты хамуйла да мае красы“.

Але пан сьцяміў, што справа, мабыць, трохі іначай выглядае.

Гукнуў ён да сябе Арцёма, запёрся з ім вока-на-вока ў габінэце і ну яго пытаць:

— Скажы, хаме, чым ты прывабіў да сябе маю палячку?

Маўчыць Арцём. І што тут скажаш?

— Хочаш ты, хаме, з ёю ажаніцца? — ізноў пытаецца ў яго пан.

— Нізашта ў сьвеце, найласкавейшы пане: — цьвёрда адказвае Арцём.

— Цо-ж я бэнда з вамі робіл? — як-бы раіцца з ім пан — іграў ты ёй хамскія песьні?

— Іграў, паночку!