Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Усхапіўся дзед, сышліся ўсе трое разам і глядзяць.

— Уцякаць трэба, вось яно што… — зразумеў стары з нудою на сэрцы.

А чалавек бяжыць, бяжыць па адхону з гары — то на іх махне, то на хаты аглядаецца.

— Тарас бяжыць, — пазнаў Янка.

— Адпрагайма! — крыкнуў таварышам дзядок.

Шпарка адкруцілі гужы, рассупонілі, а хлапец, перавярнуўшы, зьняў хамут. Пацягнулі саху ў кусты. Прыскочыў Тарас:

— Ну, бра-ткі… ха-ваў… пакуль можна… Уцякайце: прыехала равізія… Ловяць цімакоў…

Хапіўся за грудзі сярэдні, зьбялеў Янка, а дзед скрыгнуў зубмі. Трэба ўцякаць. Самі ня ведаюць, навошта адпрагалі, навошта саху ў лазу валаклі. І зноў хапіліся каня Тарасу запрагаць; з матыкамі ня ведаюць, што рабіць.

— Бяжыце, бяжыце, браточкі, — гоніць іх гаспадар: — сам рады дам.

Кінуліся і пабеглі, а ён пагнаў баразну:

Ледзьва пасьпелі схавацца ў лесе, як зазьвінелі балабонцы з-пад хат. Едзе на дрожках пан-афіцэр з казакамі. За ім цягнецца груд дзесяцкіх. Грымяць усе-чыста к беднаму Тарасу. А ён на свайго карага нокае, як надта ля працы завінуўшыся, а сам сабе думае: „Памажы, госпад бог, казаць усё так, каб да праўды падобна хоць троху было“…

Раптам і абсох. Аж захаладзеў.

Пад‘ехалі.