Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэй! — крыкнуў Тарасу пан яшчэ здалёк, ды той і так ужо стаяў; скінуў шапку і бяжыць насустрач у руку цалаваць.

— Памажы, божа! пасьмеў нехта з дзесяцкіх сказаць ратаю на яго працу. Сказаў і застыдаўся свайго голасу.

— Цімакоў хаваеш, — га?! — грозна крыкнуў пан, яшчэ седзячы на дрожках.

— Не, вашмосьць, я не хаваю… — заплюскаў вачыма Тарас і кінуўся прад ім на калені.

— Брэшаш, псякрэў твоя! Вяжы яго!

— Пане! Яснавяльможны пане… — ня ведаў, што тут казаці, Тарас. Не чакаў, што гэтак зьнецяйку схопяць яго. — Зьмілуйся, паночак залаценькі… родненькі… божжа-ж мой, божжухна!..

— Ціха!

Толькі костачкі затрэскалі, як скруцілі яму рукі за сьпіною і зьвязалі яго вяроўкаю. Тады начальнік зьлез. Грубенькі і кароценкі, чырвоны, як яблычка, бліскаючы гузікамі, падышоў ён к Тарасу і тыцнуў пад нос кулаком у пяршчатцы. Уеўся вачыма ў безабароннага чалавека, памаўчаў, набраў ў грудзі паветра ды як рыкне:

— У Сібіры згніеш! Здохнеш, як пес, ля тачкі! Хаваеш панскіх цімакоў! Дзе яны, га! Кажы… дух з цябе выпру!!!

Схапіў Тараса абедзьвюма рукамі за грудзі і калоціць на ўсю сілу. Маўчыць Тарас.

— Нічога ня ведаю… Нічога не скажу… — гэтак часам прашэпча, але ізноў маўчыць, толькі галава барадатая баўтаецца, як той зачне трасьці.