Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

войт аддаліцца ад выселак, вылезьлі з гумна, дзе зазвычай хаваліся ў саломе, пасьнедалі і пашлі на поле рабіць гаспадару. За ўзгоркам, ля пушчы, каб на воку ня быць, завінуліся яны аблогу драць: дзед на кані з сахою, а тыя два з матыкамі ля пнёў.

Ціха і пуста навакол. Яны працуюць, а там яшчэ, за якія гоні, стары Яхім статак пільнуе. Болей няма нікога ў полі, усе на згоне ў панскім двары.

Прыемна йсьці за сахою па сьвежай баразёнцы, а злашча, калі побач лес зелянее першым ліпкім лісьцейкам. На дрэвах птушачкі пяюць, у балоце жабы квокчуць, сонейка-ж як прыгрэе, дык на лузе траўка прост пад вокам прабіваецца. Усё жывое парыцца і лезе ў гару да сонца. Падзьме ціхі, цёплы ветрык, і з вербалозу жоўценькі, як вуцяняткі, пух сыплецца. Хораша! Хораша! Шуміць зямля, але ціхусенька на сэрцы.

Хлапец скінуў шапку, потым сеў, разуўся і ўзяўся за працу лягчэйшы, басанож. Дзед зьехаў у нізінку, паклаў саху на бок, даў каню волю на траве, а сам дастаў піпку, выцягнуўшы босыя ногі на гладкай машастовай траўцы. Сярэдні тымчасам прыкрыў вочы далоняю проці сонца і глядзіць на поле, дзе-б напіцца. Аж раптам бачыць ён: бяжыць нехта з-пад хат угрунь і махае на ратаёў рукою…

— Гэй, Янка, падзівіся ты маладымі вачыма! — сказаў сярэдні цімак хлапцу голасна ад невядомае трывогі.

— Нам знакі падае! — адказаў той і крыкнуў трэцяму: — Дзядуль, глядзі, во!