Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кажа, за такі зямец, што гоніцца за сваім роем аблаваю. — А траплялася-ж бывала, даўным часам, што няўдалыя зямцы і стрэльбаю стралялі, дагнаўшы роя верхам на кані, каб ён спусьціўся. І шкода, і сьмех, як рой ляціць, а людцы турацца за ім — з сярпамі, сечкамі, нажамі, бляхамі, і-і звоняць, балабоняць, крычаць: „Каб сеў! Каб сеў! Сеў-паў! Сеў-паў!“ Як быццам рой іх словы разумее? Галасу, можа, часам і спалохаецца, а прыказкаю рады не дасі.

Разьвёўшыся на пасеку ў панскіх расьцярэбах, зямец плаваў у мяду. Быў-жа тараваты: даць мёду не жалеў нікому. Даваў бедным людзём мёду на лекі, вузы прыкладваць на пухліну… Падлазіўшы, бывала, не шкадаваў ані сваім, ані чужым. Толькі ня любіў, калі хто лез к яму ў рабоце. Дый самі пчолкі, як ведама, ня любяць староньніх воч. Пчэльню ён абгарадзіў такім парканам, што ў шчыліну нічога ня відно, што там зямец робіць. Дзьверцы былі заўсёды зачынены.

І хораша-ж было ў яго на пчэльні! Навакола з трох бакоў працярэбленая лесасека, з чацьвертага боку — ляда з грэчкаю, палі, лугі ды сенажаці. Самае пчалінае жыцьцё. Улетку зьвініць пчэльня, як адзін рой, дрыжыць, як музыка, — нават трудна і сказаць, якое салодкае там хараство. Стаялі там на пасецы старыя раскідзістыя дрэвы, было шмат кустоў ляшчыньніку, абросшы высокаю пахучаю травою. Ліпы там цьвілі, многа дзятліны пасела на самых галах, мядуніцаю заўсёды пахла, і