Старонка:Досьвіткі (1926).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсякіх дрэў і красак было даволі. Па ўсёй пчэльні або стаялі вульлі-стаякі, прывязаныя к дрэву ці к таўстому каляку, або на козлах аблягліся вялікія лежакі, і ўсе калоды былі добра дагледжаны, пакрыты бяростаю ці яловаю карою. З краю пчэльні, пры самых дзьверцах, стаяла пунька з пустымі вульлямі і з рознымі пчалярскімі прыладамі, у якой заўсёды надта прыемна пахла добрым зельлем, мятаю, мядуніцаю, мядком. Побач з пуняю стаяла невялічкая хацінка, дзе начаваў зямец улетку, а ўзімку жылі слабыя пчолы ў пастаўленых стоцьма і шчытна адна ля аднае калодках.

Сумны канец мела гэтая слаўная пчэльня, як і многае тады, у тым мінулым часе.

Дзед-зямец мог-бы адкупіцца ад паноў на вольніцу, ды, на жаль, не адкупіўся. Ці ён баяўся, што пан злупіць з яго вялікія грошы і згоніць далоў з пчэльні, ці ён прост ня мог сабе асвоіць думкі, што можа быць із цэлым родам вольны, незалежны ад паноў.

Прышла яго старасьць, і перад сьмерцю хацеў зямец адказаць усю пчэльню аднаму старэйшаму сыну, а двум другім — усё іншае дабро. Але пан загадаў, каб падзяліў ён пчэльню між усіх траіх, — мусіць, разьлічаў з траіх зямцоў больш дані браць, чым з аднаго.

Не хацеў зямец дзяліць пчэльню, дужа не хацеў.

— Калі я, кажа, пчолак падзялю, загіне ўся мая пчэльня, бо тыя два сыны зусім нязручныя ля пчол хадзіць.