Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вашай волі. Зусім можа быць, што маладушша аднаго ў час катаванняў, недахват грошай у другога, адсутнасць абаронцаў у трэцяга і нарэшце памылковы прысуд былі прычынаю вашай гібелі і няўдачы здабыць сабе такое правасуддзе, якое было-б на вашым баку. Усё гэта пераконвае і нават прымушае мяне давесці на вашым прыкладзе, для якой мэты неба паслала мяне на свет і далучыла да рыцарскага ордэна, які я спаведую. Прыняўшы яго, я даў кляцьбу памагаць прыгнечаным і абараняць слабых супроць моцных. Але з той прычыны, што я ведаю, што адна з уласцівасцей добрага розуму — не дамагацца прымусам таго, што можа быць дагягнута дабром, я звяртаюся з просьбай да гэтых сен’ёраў, вашых стражнікаў і да камісара, ці не будуць яны такімі добрымі скінуць з вас кайданы і адпусціць вас на ўсе чатыры бакі.

— Гэта вельмі цікавы выбрык, — сказаў камісар, — і вялікі жарт! Ён хоча, каб мы вызвалілі нявольнікаў караля, быццам у нашай уладзе адпусціць іх. Ідзіце сваёй дарогай, міласць ваша, сен’ёр, папраўце на галаве ў сябе гэты таз і не шукайце ў кошкі пяці лап.

— Гэта вы самі кошка, крыса і нягоднікі, — усклікнуў Дон-Кіхот.

Адначасова ён так шпарка кінуўся на камісара, што не даў яму часу абараніцца, а цяжка параненага ўдарам кап’я скінуў на зямлю, на шчасце сабе, бо паўшы быў узброены крамнёвай стрэльбай. Астатнія стражнікі стаялі здзіўленыя такой нечаканай падзеяй.

Апамятаўшыся, верхавыя схапіліся за мячы, а пешыя — за кідальныя коп’і і кінуліся з імі на Дон-Кіхота, чакаўшага іх зусім спакойна. Яму, без сумнення, было-б дрэнна, калі-б галерныя нявольнікі, убачыўшы, што ім прадастаўляецца шчаслівы выпадак атрымаць волю, не паспяшаліся выкарыстаць яго, зламаўшы ланцуг, якім яны былі закуты адзін да аднаго.

Агульная сумяціца была такой вялікай, што стражнікі, то падбягаўшыя да галерных нявольнікаў, ламаўшых свае ланцугі, то да Дон-Кіхота, які нападаў на іх, нічога не маглі