Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зрабіць. Санчо, з свайго боку, памог вызваліцца Хінесу дэ-Пасамонтэ, які апынуўся першым на волі і без ланцугоў. Ён кінуўся да ляжаўшага на зямлі камісара, адабраў у яго меч і стрэльбу і, цэлячыся то ў аднаго, то ў другога, але не страляючы ні ў каго, ачысціў поле бойкі ад стражнікаў, якія кінуліся ўцякаць як ад зброі Пасамонтэ, так і ад граду каменняў, якія кідалі ў іх вызваленыя галерныя нявольнікі.

Санчо быў вельмі засмучаны гэтай гісторыяй, бо баяўся, што ўцёкшыя стражнікі паведамяць пра гэтае здарэнне паліцыі, а яна пад веставы звон пачне шукаць злачынцаў. Ён паведаміў пра гэтую небяспеку свайму пану і прасіў яго адразу-ж паехаць з ім адсюль і схавацца ў бліжэйшы горад.

— Гэта добра, — сказаў Дон-Кіхот, — але я ведаю, што цяпер мне трэба рабіць.

Ён паклікаў галерных нявольнікаў, якія ў хваляванні і шуме бегалі па полі, абрабаваўшы да апошняга камісара. Яны ўсе сабраліся вакол яго.

— Прыстойным людзям уласціва быць удзячнымі за атрыманае добрадзейства; вы бачылі і адчулі на сабе зробленае мною вам добрадзейства. За яго я хацеў-бы — і такая мая воля, — каб вы, абцяжараныя ланцугом, які я скінуў з вашай шыі, безадкладна накіраваліся ў дарогу. Дайшоўшы да горада Табосо, з’явіцеся там да сен’ёры Дульсінеі Табоскай і паведаміце ёй, што яе рыцар — рыцар Сумнага Вобразу — загадаў перадаць ёй сваё прывітанне, і раскажыце ёй, як я здабыў вам жаданую волю. Зрабіўшы гэта, вы можаце ісці з мірам, куды хочаце.

Хінес дэ-Пасамонтэ адказаў за ўсіх:

— Тое, што міласць ваша нам загадвае, сен’ёр і вызваліцель наш, самае немажлівае з усіх немажлівасцей, бо нам нельга ісці ўсім разам па дарогах, а толькі па адным, імкнучыся схавацца. Тое, што ваша міласць магла-б зрабіць, гэта — замяніць абавязацельства, ускладзенае на нас, вядомай колькасцю малітваў. Мы ахвотна прачыталі-б іх за ваш кошт, бо гэта такая справа, якой можна заняцца і ўначы і ўдзень, у час уцёкаў і на адпачынку, на вайне і ў мірны час. Але