Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Тым не менш, — адказаў Дон-Кіхот, — я хацеў-бы ведаць пра кожнага з іх паасобку прычыну яго няшчасця.

Да гэтых слоў ён дадаў яшчэ і другія ветлівыя словы. Другі конны стражнік сказаў:

— Хоць мы і вязем з сабой спісы і копіі судовых прысудаў кожнага з гэтых няшчасных, але ў нас няма часу спыняцца, каб іх даставаць і чытаць вам. Падыйдзіце, міласць ваша, да іх бліжэй і распытайце іх самі, яны адкажуць вам, калі пажадаюць. А пажадаюць яны напэўна, бо гэта такія людзі, якім вельмі прыемна і рабіць злачынствы і апавядаць пра іх.

З гэтым дазволам, які Дон-Кіхот сам-бы ўзяў, калі-б яго не далі, ён падышоў да ланцуга катаржнікаў і запытаў у першага з іх, за якія грахі ён трапіў у такое непрыемнае становішча. Той адказаў, што трапіў у гэтае становішча за тое, што быў закаханы.

— Толькі за гэта? — запытаў яго Дон-Кіхот. — Але калі пасылаюць на галеры закаханых, мне трэ’ было-б даўно працаваць там вёсламі.

— Каханне гэта не такога сорту, як думае ваша міласць, — сказаў галерны нявольнік. — Маё каханне складалася з таго, што я горача закахаўся ў вялікі кошык, напакаваны бялізнай, і так моцна абнімаў яго, што калі-б правасуддзе не адабрала яго ў мяне сілаю, я-б і да гэтага часу не пакінуў-бы яго па добрай волі.

Дон-Кіхот звярнуўся з тым-жа запытаннем да наступнага галернага нявольніка, але той не адказаў ні слова, бо ён быў вельмі засмучоны, а за яго адказаў першы нявольнік і сказаў:

— Сен’ёр, гэты вось ідзе на галеры за тое, што спяваў канарэйкай[1]. Я хачу сказаць: за тое, што ён музыкант і спявак.

— Як так, перапытаў Дон-Кіхот, — хіба ссылаюць людзей на галеры таксама і за тое, што яны музыканты і спевакі?

  1. Спяваць канарэйкай — у слоўніку зладзейскай мовы азначае прызнацца ў час катаванняў.