Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ XV
Пра тое, як Дон-Кіхот вызваліў многіх няшчасных, якіх супроць іхняй волі вялі туды, куды ў іх не было жадання ісці

Па дарозе, па якой ехаў наш славуты рыцар, ішлі пехатою чалавек дванаццаць, нанізаных за шыі, як бусы на чотках, на адзін доўгі жалезны ланцуг. Ва ўсіх на руках былі кайданы. З імі разам ехалі таксама два чалавекі вярхом і два ішлі пехатою. У коннікаў былі крамнёвыя стрэльбы, а ў пешых — мячы і дроцікі.

— Гэта — ланцуг катаржнікаў, — сказаў Санчо Панса, — нявольнікаў караля, якіх ссылаюць на галеры.

— Як так нявольнікаў? — запытаўся Дон-Кіхот. — Ці мажліва, каб кароль пасылаў каго-небудзь у няволю?

— Гэтага я не кажу, — адказаў Санчо, — а толькі гэта людзі, якія ў пакаранне за свае злачынствы асуджаны служыць каралю на галерах.

— Адным словам, — засупярэчыў Дон-Кіхот, — хто-б яны ні былі, людзі гэтыя ідуць па прымусу, а не па добрай волі, туды, куды іх вядуць.

— Так яно і ёсць, — адказаў Санчо.

— Значыць, — сказаў яго пан, — мне трэба тут прыступіць да выканання абавязкаў майго прызвання — да знішчэння прымусу, да абароны і дапамогі няшчасным.

— Звярніце ўвагу, ваша міласць, — сказаў Санчо, — што правасуддзе, — а гэта тое-ж, што і сам кароль, — не робіць ні прымусу, ні крыўды падобнага сорту людзям, а толькі карае іх за іхнія злачынствы.

У гэты час ланцуг галерных нявольнікаў наблізіўся, і Дон-Кіхот вельмі далікатна папрасіў суправаджаўшых іх стражнікаў, ці не могуць яны паведаміць яму, чаму яны вядуць гэтых людзей такім чынам. Адзін з конных стражнікаў адказаў, што гэта галерныя катаржнікі, людзі паднявольныя яго вялікасці, якія пасылаюцца на галеры. Больш ён нічога не можа сказаць.