Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ ІІ,
у якім гутарка ідзе пра першы выезд вынаходлівага Дон-Кіхота з роднага мястэчка

Скончыўшы падрыхтоўку, наш ідальго парашыў адразу ажыццявіць задуманае ім, бо яго прыгнятала думка, што павольнасць дасць сябе адчуваць свету.

Не паведаміўшы нікога пра свой намер і так, каб ніхто яго не бачыў, аднойчы раніцою, яшчэ да золка (быў адзін з самых спякотных ліпеньскіх дзён) ён надзеў усё сваё ўзбраенне, сеў вярхом на Расінантэ, апусціў дрэнна прыладжанае забрала, прасунуў на руку шчыт, узяў сваё кап’ё і выехаў з задняй форткі двара ў поле. Але толькі ён апынуўся ў полі, як у яго мільгнула страшэнная думка: ён успомніў, што яшчэ не быў пасвечаны ў рыцары і што па рыцарскіх законах ён не можа і не павінен змагацца ні з кім з рыцараў. Гэтая думка прымусіла яго задумацца над зменай свайго намеру. Але з той прычыны, што яго вар’яцтва было мацней за ўсе іншыя довады, ён парашыў прасіць першага, хто сустрэнецца яму, пасвяціць яго ў рыцары, як рабілі гэта многія другія рыцары з тых кніг, якія ён прачытаў. Гэта заспакоіла яго, і ён паехаў далей, дазволіўшы свайму каню ісці куды ён захоча, думаючы, што ў гэтым і складаецца таемнасць прыгод.

Працягваючы шлях свой, наш свежаспечаны шукальнік прыгод пачаў разважаць сам з сабою:

„Няма сумненняў, што ў будучыя вякі, калі праўдзівая гісторыя слаўных маіх учынкаў з’явіцца ў свет, мудры гісторык, які яе напіша, пачне сваё апісанне наступнымі словамі: „Ледзь-ледзь румяны Апалон раскідаў па твары вялікай і шырокай зямлі залатыя ніткі прыгожых сваіх валасоў, ледзь маленькія пярэстыя птушкі з зубчатымі язычкамі пачалі прывітаць салодкай і пяшчотнай мелодыяй з’яўленне ружовай Аўроры, славуты рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, пакінуўшы мяккія свае пухавікі, сеў вярхом на славутага каня Расінантэ і паехаў па старажытнай, усім добра