Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свайго імя яшчэ імя сваёй радзімы і называцца Дон-Кіхотам Ламанчскім, чым, як яму здавалася, ён падкрэслівае сваё паходжанне і робіць гонар радзіме, зрабіўшы з яе імя сабе прозвішча. Вычысціўшы зброю, змайстраваўшы з шышака сапраўдны шлём з забралам, даўшы назву свайму каню, назваўшы і сябе новым імем, ён парашыў, што цяпер яму нехапае толькі аднаго — знайсці даму, у якую-б ён закахаўся, бо вандроўны рыцар без кахання — усё-адно, што дрэва без лісця і без пладоў і цела без душы. Ён сказаў сабе:

„Калі я сустрэнуся ў гэтай мясцовасці з якім-небудзь волатам, як гэта звычайна здараецца з вандроўнымі рыцарамі, я, схапіўшыся з ім, скіну яго на зямлю або рассяку напалам. Атрымаўшы над ім канчатковую перамогу, я прымушу яго здацца. Хіба не добра было-б мець асобу, да якой я мог бы яго паслаць прадставіцца, каб ён, увайшоўшы ў пакой, паў на калені перад маёй пяшчотнай сен’ёрай і сказаў ціхім і пакорлівым голасам: „Я, сен’ёра, волат Каракуліямбра, валадар вострава Мамендранія, якога перамог у барацьбе ніколі ў дастатковай ступені не ўсхвалёны рыцар Дон-Кіхот Ламанчскі, загадаўшы мне з’явіцца да вашай міласці, каб ваша вялікасць распараджалася мною па сваёй добрай волі“.

Наш адважны кабальеро[1] прыдумаў потым, каго яму абраць сваёй дамай. Справа ў тым, як мяркуюць, што ў адным мястэчку, па суседству з яго мястэчкам, жыла маладая сялянка, нішто з сябе, у якую ён адзін час быў закаханы, хаця, па чутках, яна гэтага ніколі не ведала і не заўважала.

Звалі яе Альдонса Ларэнсо, і ён парашыў, што ёй акурат падыходзіць тытул „уладаркі яго дум“.

Адшукваючы для яе імя, якое не вельмі-б адступала ад яе імя і набліжалася-б да імя прынцэсы і знатнай сен’ёры, ён назваў яе Дульсінеяй Табоскай, бо яна родам была з Табосо — імя, па яго думцы, музыкальнае, надзвычайна прыгожае і выразістае, як і імёны, прыдуманыя ім для сябе і свайго каня.

  1. Па-іспанску — рыцар.