Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вядомай „Мантыельскай лагчыне“ (і сапраўды ён ехаў па гэтай лагчыне). — Потым ён дадаў, як быццам ён быў закаханы: — „О, прынцэса Дульсінея, уладарка гэтага трапіўшага да вас у палон сэрца! Як моцна вы мяне пакрыўдзілі, паслаўшы са строгім загадам не з’яўляцца перад вашымі светлымі вачыма. Сен’ёра, зрабіце ласку, успомніце пра бясконца вернае вам сэрца, якое за каханне да вас церпіць столькі пакут“.

Потым Дон-Кіхот пачаў нанізваць яшчэ другія недарэчнасці, накшталт тых, якім ён навучыўся ў сваіх кнігах, імкнучыся, наколькі мог, пераймаць іхні стыль. Пры гэтым ён ехаў так павольна, а сонца паднялася так высока і паліла так моцна, што гэтага аднаго было-б дастаткова, каб растапіць усе яго мазгі, калі-б яны яшчэ былі ў яго.

Амаль увесь дзень ён правалацужыў, але з ім не здарылася нічога, пра што варта расказаць. Гэта прывяло яго ў роспач, бо ён жадаў адразу-ж сустрэцца з кім-небудзь, каб выпрабаваць адважнасць сваёй моцнай рукі. Пачало цямнець. Яго конь і ён моцна стаміліся і паміралі з голаду. Азіраючыся ва ўсе бакі, ці няма дзе замка або пастушай халупы, дзе-б ён мог пераначаваць і здаволіць вялікую сваю патрэбу ў адпачынку і ежы, Дон-Кіхот убачыў недалёка ад дарогі, па якой ехаў, заезджы двор.

З той прычыны, што шукальніку прыгод усё, што ён думаў, бачыў або ўяўляў, здавалася падобна таму, што рабілася і адбывалася ў прачытаных ім кнігах, то заезджы двор адразу-ж здаўся яму замкам з чатырма вежамі, са шпіцамі з бліскучага срэбра, з пад’ёмным мастом і глыбокімі равамі, — адным словам, з усімі прыналежнасцямі, як іх звычайна апісваюць у падобнага роду замках.

Ён пад’ехаў бліжэй да заезджага двара (які яму здаваўся замкам) і затрымаў за аброць Расінантэ, чакаючы, што на зубчатых сценах замка з’явіцца які-небудзь карлік і трубным гукам абвесціць аб прыбыцці рыцара. Але з той прычыны, што ніхто не спяшаўся і Расінантэ спадзяваўся хутчэй трапіць у стайню, ён пад’ехаў бліжэй да варот заезджага