Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і не даведаецца пра іх, і такім чынам яны астануцца навек у забыцці. З гэтай прычыны, мне здаецца, было-б лепш, каб мы накіраваліся да якога-небудзь імператара або да вялікага прынца, вядучага вайну. На службе ў яго ваша міласць магла-б выказаць асабістыя свае вартасці — надзвычайную сілу і яшчэ большую здагадлівасць свайго розуму. Убачыўшы ўсё гэта, цар, якому мы будзем служыць, павінен будзе воляй-няволяй узнагародзіць кожнага з нас па заслугах, і там, напэўна, знойдзецца хто-небудзь, хто апіша геройскія ўчынкі вашай міласці, каб памяць пра іх захавалася на вечныя часы.

— Ты разважаеш нядрэнна, Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — але да таго часу трэба вандраваць па свеце, так сказаць, для выпрабавання, у пошуках прыгод, і, паспяхова справіўшыся з некаторымі з іх, набыць такое імя і такую славу, каб рыцар, з’явіўшыся да двара якога-небудзь манарха, быў ужо вядомы сваімі ўчынкамі. Цяпер трэба толькі адно: даведацца, хто з каралёў, хрысціянскіх або языцкіх, вядзе вайну і мае прыгожую дачку; але часу ў нас многа падумаць пра гэта, бо, як я ўжо казаў табе, раней як з’явіцца да двара, трэба перш набыць славу ў другіх мясцах. Мне нехапае яшчэ адной рэчы. Уявіўшы, што знайшоўся кароль, які вядзе вайну і мае прыгожую дачку, і што я набыў неймаверную славу на ўсім свеце, я ўсё-ж не ведаю, як мне зрабіцца каралеўскага роду або, прынамсі, траюрадным братам якога-небудзь імператара, бо кароль не захоча аддаць мне сваю дачку ў жонкі, покуль ён спачатку не пераканаецца ў гэтым, і тут ніякія гучныя ўчынкі мне пе памогуць. Такім чынам, з-за гэтага недахопу я баюся страціць усё, што заслужыў харобрасцю рукі маёй.

— Калі-б сен’ёр кароль, цесць вашай міласці, — лятуценна праказаў Санчо Панса, — не захацеў аддаць вам сен’ёру інфанту, астаецца ўкрасці яе і завезці куды-небудзь. Але бяда ў тым, што покуль вы не памірыцеся з бацькамі і не будзеце мець мажлівасці красавацца ў сваім каралеўстве, няшчасны зброеносец астанецца на бабах па частцы ўзнага-