Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чаго я перамагаю, і не ў правілах рыцарства адбіраць у іх коней і пакідаць іх пешымі, хіба толькі ў выпадку, калі пераможца пазбавіцца ў бойцы ўласнага каня; тады толькі дазваляецца прысвоіць яму каня пераможанага ў якасці законнай ваеннай здабычы. Так што, Санчо, пакінь гэтага каня ці асла, або чым-бы ты ні хацеў яго лічыць, бо пераможаны вернецца па яго.

— Богу вядома, як ахвотна я ўзяў-бы яго з сабой, — сказаў Санчо, — або, прынамсі, абмяняў-бы яго на майго асла, які мне здаецца не такім добрым. Вось ужо правільна, што законы рыцарства цяжкаватыя, бо яны не даюць прастору нават для абмену аднаго асла на другога; але я хацёў-бы ведаць, ці нельга мне абмяняць хоць збрую.

— Адносна гэтага я не зусім упэўнены, — адказаў Дон-Кіхот, — а з прычыны майго сумнення, покуль я не буду лепш ведаць пра гэта, абмяняй збрую, калі ты маеш у ёй вялікую патрэбу.

— Такая патрэба, — сказаў Санчо, — што калі-б збруя прызначалася асабіста для мяне, і тады-б яна не магла мне быць больш патрэбнай.

Выкарыстаўшы адразу дадзены яму дазвол, Санчо так багата прыбраў свайго асла, што ён пачаў выглядаць куды прыгажэй ранейшага. Пасля гэтага пан і слуга паснедалі і напіліся вады з ручая, працякаўшага каля вальцовак, на якія яны не аглянуліся — такой вялікай была іхняя агіда да гэтых млыноў. Забыўшыся на гнеў і нават на свой сум, яны селі вярхом і, не прытрымліваючыся пэўнай дарогі (бо загадзя абіраць пэўную дарогу было не ў звычаі вандроўных рыцараў), паехалі туды, куды ўздумалася Расінантэ, кіруючаму воляй свайго пана.

Тым не менш яны апынуліся зноў на вялікай дарозе і ехалі па ёй наўздагад.

— Вось ужо некалькі дзён я думаю пра тое, сен’ёр, — загаварыў Санчо Панса, — як мала можна набыць і выйграць, накіроўваючыся ў пошукі прыгод, падобных тым, якія шукае ваша міласць. Самыя вялікія ўчынкі вашы ніхто не ўбачыць