Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

роды, хіба толькі разам з інфантай уцячэ яе любімая горнічная. Я думаю, пан зброеносца можа ў такім выпадку адразу-ж аддаць яе яму ў законныя супругі.

— Гэтаму ніхто не можа супярэчыць, — сказаў Дон-Кіхот.

— У такім выпадку, — адказаў Санчо, — нам нічога не астаецца, як толькі ўскласці надзею на лёс — няхай ён вядзе, куды яму ўздумаецца.

— Памажы нам бог! — сказаў Дон-Кіхот. — Зрабіўшыся каралём, я зраблю цябе, Санчо, графам. Тым самым ты ў момант зробішся кабальеро, і ўсім, каму гэта не спадабаецца, прыдзецца называць цябе „ваша міласць“.

— Паверце, — сказаў Санчо, — што я змагу як трэба падтрымліваць свой дытул.

— „Тытул“ павінен ты сказаць, а не „дытул“, — паправіў яго пан.

— Няхай так, — адказаў Санчо, — я кажу, што ведаю, як сябе весці, бо, клянуся жыццём, я быў некаторы час царкоўным вартаўніком пры адным брацтве, і вопратка вартаўніка так ішла да мяне, што ўсе казалі, нібыта я па выгляду свайму мог-бы быць старшынёй таго-ж брацтва. А што-ж будзе, калі я накіну на плечы герцагскую мантыю або апрануся ў золата і перлы, па звычаю замежных графаў! Не сумняваюся, што прыдуць за сто міль глядзець на мяне.

— Выгляд у цябе будзе нядрэнны, — сказаў Дон-Кіхот, — але давядзецца табе часта галіць бараду, бо яна ў цябе такая густая, пакамечаная і нячосаная, што калі ты не будзеш аддаваць яе, прынамсі, кожныя два дні пад лязо брытвы, то на адлегласці стрэлу відаць будзе, хто ты такі.

— Нічога больш не астаецца рабіць, — сказаў Санчо, — як узяць цырульніка і трымаць яго дома ў сябе на пенсіі і нават, калі будзе патрэба, прымусіць яго хадзіць за сабой. Аднак, — дадаў Санчо, — клопаты пра цырульніка пакіньце мне, а вы, міласць ваша, паклапаціцеся зрабіцца каралём і мяне зрабіць графам.

— Хай будзе так! — адказаў Дон-Кіхот і, падняўшы вочы, убачыў тое, пра што мы пачуем у наступным раздзеле.