Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і кінуўся наўцёкі па полі з такой шпаркасцю, што яго не дагнаў-бы і вецер. Таз, зваліўшыся з яго галавы, астаўся ляжаць на зямлі, чым Дон-Кіхот здаволіўся, кажучы, што ўцёкшы вораг зрабіў разумна і паследваў прыкладу бабра, які, убачыўшы, што за ім гоняцца паляўнічыя, адкусвае ўласнымі зубамі тое, дзеля чаго, як яму падказвае яго прыродны інстынкт, за ім гоняцца. Дон-Кіхот загадаў Санчо падняць шлём, і той, узяўшы яго ў рукі, сказаў:

— Далібог, вельмі добры таз для галення і каштуе ён восем рэалаў, як адзін мараведыс[1].

Потым ён перадаў таз свайму пану, які адразу-ж надзеў яго на галаву і, круцячы то ў той, то ў другі бок, шукаў забрала, але, не знайшоўшы яго, сказаў:

— Напэўна, язычнік, для якога ўпершыню быў выкаваны гэты славуты шлём, меў вялікую галаву, а горш за ўсё тое, што нехапае паловы шлёма.

Калі Санчо пачуў, што Дон-Кіхот называе таз для галення шлёмам, ён не мог стрымацца ад рогату, але, успомніўшы гнеў свайго пана, адразу-ж спыніўся.

— Чаго ты смяешся, Санчо? — запытаўся Дон-Кіхот.

— Я смяюся, — адказаў Санчо, — думаючы пра тое, якую вялікую галаву павінен быў мець язычнік, якому належаў гэты шлём, вельмі падобны на тазік цырульніка.

— Ці ведаеш ты, Санчо? Мне здаецца, што гэты славуты зачараваны шлём па якой-небудзь дзіўнай выпадковасці трапіў у рукі чалавеку, які не змог зразумець яго каштоўнасці, але, убачыўшы, што шлём з чыстага золата, напэўна, растапіў адну палову, каб выручыць яе каштоўнасць, а з другой зрабіў гэта вось, так падобнае на тазік для галення, як ты кажаш. Але што-б там ні было, для мяне ператварэнне яго не важна, бо ў першым-жа мястэчку, дзе знойдзецца каваль, я папраўлю яго такім чынам, што з ім не параўнаецца той шлём, які быў выкаваны богам кавальскай справы

  1. Дробная іспанская манета — грош, шэлег.