Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але-ж гэта і ёсць шлём Мамбрыно, — сказаў Дон-Кіхот. — Ад’едзь у бок і пакінь мяне аднаго з ім. Ты ўбачыш, як я, не кажучы ні слова, каб зэканоміць час, скончу гэтую прыгоду і авалодаю шлёмам.

— Ад’ехаць у бок — мая справа, — сказаў Санчо, — але дай бог, каб не паўтарылася гісторыя з вальцоўкамі.

— Я ўжо казаў вам, брат, каб вы нават і ў думках не напаміналі мне аб справе з вальцоўкамі, — сказаў Дон-Кіхот, — інакш, клянуся, я зваляю вам душу ў целе.

Санчо змоўк, баючыся, каб пан яго не выканаў пагрозы, якую ён яму кінуў у твар, быццам мячык.

Што-ж тычыцца шлёма, каня і рыцара, убачаных Дон-Кіхотам, справа складалася з наступнага: у той мясцовасці былі сёлы, і адно з іх такое маленькае, што там не было ні аптэкі, ні цырульніка; у суседнім-жа сяле было тое і другое. Такім чынам цырульнік вялікага сяла абслугоўваў меншыя, дзе аднаму хвораму трэба было пусціць кроў, а другому пагаліць бараду. Для гэтага і ехаў цырульнік і вёз з сабой мядзяны таз для галення. Але якраз у гэты самы час пайшоў дожджык, і, каб не сапсаваўся яго, мусіць, новы капялюш, цырульнік надзеў сабе на галаву таз, а з той прычыны, што таз быў добра вычышчаны, дык ён і блішчэў на поўмілі. Цырульнік ехаў на шэрым асле, як сказаў Санчо, а Дон-Кіхоту ўявіўся шэры ў яблыках конь, і рыцар, і залаты шлём, бо ўсё, што трапляла яму на вочы, ён з незвычайнай лёгкасцю прыстасоўваў да свайго трызнення аб рыцарстве.

Убачыўшы, што коннік набліжаецца, Дон-Кіхот кінуўся да яго ва ўвесь кар’ер Расінантэ з паднятым кап’ём і з намерам працяць ім праціўніка.

— Абараняйся, мізэрнае стварэнне, або аддай добраахвотна тое, што належыць мне па праву!

Цырульнік, які ехаў, нічога не думаючы і нічога не баючыся, убачыўшы здань, якая ляцела яму насустрач, не знайшоў другога сродку ўнікнуць удару кап’ём, як зваліцца з асла. Толькі адчуў ён зямлю, як падняўся лягчэй сарны