Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
РАЗДЗЕЛ XIV,
у якім гутарка ідзе пра слаўную прыгоду — багатую здабычу шлёма Мамбрыно[1] — і аб другіх падзеях, якія здарыліся з непераможным нашым рыцарам

У гэты час пачаў капаць невялікі дожджык. І Санчо хацеў было хавацца ад яго ў валяльных млынах, але Дон-Кіхот, памятаючы мінулую ноч, адчуваў такую агіду да іх, што катэгарычна адмовіўся ісці туды; такім чынам, павярнуўшы направа, яны выехалі на другую дарогу, падобную на тую, па якой ехалі перад гэтым. Хутка Дон-Кіхот убачыў конніка, на галаве якога было нешта бліскучае, быццам золата.

— Нам насустрач едзе чалавек са шлёмам Мамбрыно на галаве, з тым самым шлёмам, дзеля якога я даў вядомую табе кляцьбу.

— Падумайце добра, ваша міласць, што вы гаворыце, яшчэ больш пра тое, што вы робіце, — сказаў Санчо, — бо я не хацеў-бы, каб з’явіліся новыя вальцоўкі, якія канчаткова звалялі-б нас і адбілі-б у нас усякае разуменне.

— Чорт вазьмі гэтага чалавека! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Што агульнага між шлёмам і вальцоўкамі?!

— Нічога не ведаю, — сказаў Санчо, — але, кажучы сумленна, калі-б я мог так многа гаварыць, як раней, магчыма, я падаў-бы вам такія довады, якія пераканалі-б міласць вашу, наколькі вы памыляецеся ў тым, што кажаце.

— Як магу я памыляцца ў тым, што кажу, ахоплены сумненнем здраднік! — усклікнуў Дон-Кіхот. — Скажа мне, хіба ты не бачыш рыцара, едучага нам насустрач вярхом на шэрым у яблыках кані, а на галаве ў яго залаты шлём?

— Тое, што я бачу і магу адрозніць, — адказаў Санчо, — гэта чалавек вярхом на шэрым асле, як і мой, а на галаве ў яго нешта бліскучае.

  1. Зачараваны шлём караля Мамбрыно, рабіўшы непераможным таго, хто яго насіў.