Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але, калі вы жартуеце, я не жартую, — адказаў Дон-Кіхот. — Ідзіце сюды, пан жартаўнік: ці думаеце вы, што, калі-б тут былі не гэтыя валяльныя молаты, а якая-небудзь небяспечная прыгода, я не выказаў-бы мужнасці, неабходнай для таго, каб кінуцца ў бойку і давесці яе да канца? Мажліва, будучы рыцарам, якім я ёсць, я абавязаны апазнаваць і адрозніваць гукі і ведаць, робяцца яны вальцоўкамі або не? І тым больш, кажу я, магло-ж быць, — як яно на самай справе і ёсць, — што я ніколі ў жыцці не бачыў такіх млыноў, як бачылі іх вы, грубая вяскоўшчына, вы, народжаны і выхаваны сярод іх! А калі не верыце мне, зрабіце, каб гэтыя шэсць молатаў ператварыліся ў волатаў, і кіньце іх мне ў бараду аднаго за адным, або ўсіх разам. І ў выпадку, калі-б я не знішчыў іх, перакінуўшы лапамі ўгару, здзеквайцеся з мяне, колькі хочаце.

— Заспакойцеся, сён’ёр мой, — сказаў Санчо, — я прызнаюся, што вельмі далёка зайшоў у сваіх жартах. Але я хацеў-бы ведаць (на выпадак, калі не надыйдзе час міласцяў і з’явіцца неабходнасць звярнуцца да пенсіі), колькі зарабляў зброеносец вандроўных рыцараў у тыя часы, і ці атрымліваў ён памесячна або падзённа, як работнік у каменшчыка?

— Не думаю, — сказаў Дон-Кіхот, — каб зброеносцы калі-небудзь служылі за пенсію. Яны атрымлівалі толькі міласці. Калі-ж я прызначыў табе пенсію ў запавеце, пакінутым мною дома запячатаным, дык зрабіў гэта толькі на ўсякі выпадак, бо не ведаю, як яшчэ ў наш такі цяжкі час складуцца абставіны з рыцарствам.

— Гэта правільна, — сказаў Санчо, — калі ўжо шум молатаў вальцоўкі мог занепакоіць сэрца такога харобрага вандроўнага шукальніка прыгод, як ваша міласць, але вы можаце быць упэўненым, што наперад я не адкрыю губ, каб смяяцца з учынкаў вашай міласці, а толькі для таго, каб шанаваць вас, як майго пана і прыроднага ўладара.