Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шак. Аднак здагадлівы розум яго змог памагчы бядзе: ён з кардона зрабіў нешта накшталт забрала, якое і прымацаваў да шышака так, што той набыў выгляд сапраўднага рыцарскага шлёма. Праўда, што з мэтаю выпрабаваць трываласць забрала ён, выняўшы свой меч, два разы ўдарыў ім па шлёму і першым-жа ўдарам адразу знішчыў тое, што майстраваў цэлы тыдзень. Не вельмі яму спадабалася лёгкасць, з якою ён разбіў ушчэнт сваё ўзбраенне, і, каб папярэдзіць сябе ад той-жа небяспекі ў будучым, ён узяўся рабіць новае забрала; прымацаваўшы ўнутры яго некалькі жалезных палосак, ён астаўся здаволеным ад яго трываласці.

Скончыўшы з гэтай справай, ён пайшоў паглядзець на сваю клячу.

Хоць у яе на капытах было нямала расколін і наогул больш было заган, як вартасцей, яму здалося, што ніводзін конь у свеце не можа параўнацца з яго канём. Чатыры дні патраціў ён на тое, каб прыдумаць яму імя, бо, казаў ён сабе, несправядліва, каб конь такога славутага рыцара і сам па сабе такі добры астаўся без вядомага ўсім імя. Было зусім справядліва, каб услед за зменай становішча яго пана і конь змяніў імя і атрымаў гучную і бліскучую назву, як гэта адпавядала новай прафесіі і таму ордэну, у які ўступіў яго гаспадар. Пасля таго, як ён перабраў у сваёй галаве масу імён, адкінуў іх, зноў прыдумаў некаторыя, зноў іх адкінуў і прыдумаў яшчэ новыя, ён нарэшце назваў свайго каня „Расінантэ“[1] — імя, якое здалося яму ўзвышаным, гучным і азначаўшым тое, чым конь быў раней, калі ён быў клячай, і тое, чым ён стаў цяпер, зрабіўшыся першым і лепшым з усіх кляч на свеце.

Даўшы свайму каню назву, якая яму так спадабалася, ён пажадаў таксама і сабе знайсці імя і ў развагах над гэтым у яго прайшоў яшчэ тыдзень. Нарэшце ён парашыў назвацца Дон-Кіхотам[2]. Аднак рыцар пажадаў дадаць да

  1. Слова, складзенае з двух іспанскіх слоў: „кляча“ і „раней“.
  2. Кіхот па-іспанску — набедранік; дон — прыстаўка да дваранскіх імёнаў.