Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раканаліся, ішоў той гул і стукат, які ўсё яшчэ не змаўкаў. Расінантэ спалохаўся гулу вады і мерных удараў, але Дон- Кіхот, заспакойваючы яго, набліжаўся патроху да будоў. Санчо не адставаў ні на крок ад свайго пана і, колькі мог, выцягваў шыю і галаву між ног Расінантэ, каб паглядзець, ці не ўбачыць ён нарэшце таго, што нагнала на яго такі жах і спалох. Прайшоўшы яшчэ каля сотні крокаў, яны абагнулі выступ скалы і раптам убачылі перад сабой прычыну таго страшэннага шуму і тых мерных удараў, якія пратрымалі іх усю ноч у вялікім спалоху. Гэта былі (толькі-б, о, чытач, ты не адчуў засмучэння і нездавальнення) шэсць молатаў валяльных млыноў, якія сваімі роўнамернымі ўдарамі рабілі ўвесь той гул.

Калі Дон-Кіхот зразумеў, у чым справа, ён нібы скамянеў. Санчо паглядзеў на яго і ўбачыў, што ён стаіць з апушчанай на грудзі галавой, засаромлены і ў замяшанні. Дон-Кіхот у сваю чаргу глянуў на Санчо і заўважыў, што той надуў шчокі, спрабуючы стрымаць душыўшы яго рогат, і не гледзячы на ўсё сваё нездавальненне, ён не мог стрымаць смеху, гледзячы на яго. Як толькі Санчо ўбачыў, што яго пан пачаў, ён даў сабе поўную волю і так зарагатаў, што павінен быў падперці кулакамі свае бакі, каб не лопнуць ад рогату. Чатыры разы ён заспакойваўся і столькі-ж разоў зноў пачынаў рагатаць, ажно Дон-Кіхот паслаў сябе да чорта. Раптам ён пачуў, што Санчо, дражнячы яго, сказаў: „Ты павінен ведаць, о, сябра Санчо, што я, па загаду неба, нарадзіўся ў гэты наш жалезны век, каб уваскрасіць так званы залаты век. Я — той, для каго прызначаны небяспекі, вялікія справы і ўчынкі“. Убачыўшы, што Санчо кпіць з яго, Дон-Кіхот так раззлаваўся і ўспыліў, што падняў кап’ё і зрабіў ім два ёмкіх удары па Санчо, якімі, калі-б яны трапілі яму не па плячах, а па галаве, пан яго вызваліўся-б ад выплаты яму пенсіі. Убачыўшы, што жарцікі яго не прывядуць да дабра, Санчо з вялікай пакорлівасцю сказаў яму:

— Ваша міласць, заспакойцеся, яй-богу-ж, я пажартаваў.