Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

капытамі, бо рабіць курбеты (прашу ў яго прабачэння) ён не ўмеў. Заўважыўшы, што Расінантэ можа цяпер рухацца, Дон-Кіхот парашыў, што прышоў час накіравацца ў небяспечныя прыгоды.

Між тым золак канчаткова заняўся, усе рэчы вакол можна было ўжо добра адрозніваць, і Дон-Кіхот убачыў, што ён знаходзіцца пад высокімі каштанамі, якія кідалі вельмі густы цень. Ён чуў таксама, што стук не спыняецца, але не мог здагадацца, хто робіць яго.

Не затрымліваючыся далей, ён прышпорыў Расінантэ і яшчэ раз развітваючыся з Санчо, паўтарыў свой загад чакаць яго тут самае большае тры дні; калі-ж пасля гэтага тэрміну ён не вернецца, няхай Санчо лічыць, што ён у небяспечнай прыгодзе страціў жыццё. Адносна-ж узнагароды за яго службу прасіў яго не клапаціцца, бо перад ад’ездам з свайго сяла ім быў зроблены запавет, па якому Санчо будзе ўзнагароджаны адпаведна часу яго службы. Калі-ж бог дапаможа рыцару выйсці з гэтай небяспекі здаровым і цэлым, няхай Санчо лічыць больш як несумненным, што атрымае абяцаны востраў.

Санчо зноў заплакаў, пачуўшы жаласлівыя словы свайго пана, і парашыў не пакідаць яго да апошняга пераходу і сканчэння гэтага прадпрыемства. Добрыя пачуцці Санчо хоць і расчулілі яго пана, але не настолькі, каб ён выказаў якую-небудзь слабасць. Наадварот, ён схаваў сваё хваляванне і адразу-ж накіраваўся ў той бок, адкуль, як яму здавалася, чуўся шум вады і мерныя ўдары. Санчо ішоў за ім пехатою і вёў, як звычайна гэта рабіў, за наморднік асла, гэтага неразлучнага свайго таварыша ў шчасці і няшчасці.

Пасля таго, як яны праехалі вялікую адлегласць пад ценем каштанаў і іншых густых дрэў, перад імі адкрылася невялікая паляна, раскінутая ў падгор’і некалькіх высокіх скал, з якіх падаў магутны вадаспад. Унізе ля гэтых скал віднелася некалькі дрэнных будоў, якія здаваліся хутчэй руінамі, як дамамі, і менавіта адтуль, як яны ў гэтым пе-