Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

забаўляць вашу міласць, расказваючы вам казкі да самай раніцы, калі толькі вы не пажадаеце злезці з каня і заснуць на зялёнай траве, па звычаю вандроўных рыцараў.

— Каму гэта ты гаворыш, каб злезці з каня або заснуць?! — сказаў Дон-Кіхот. — Хіба я з тых рыцараў, якія шукаюць адпачынку сярод небяспек! Спі ты, народжаны для таго, каб спаць, або рабі, што хочаш. Я-ж буду рабіць тое, што больш за ўсё адпавядае майму прызначэнню.

— Не сярдуйце, ваша міласць, сен’ёр мой, — адказаў Санчо, — я сказаў гэта, не падумаўшы.

І, падышоўшы да Дон-Кіхота, ён палажыў адну руку на пярэднюю луку сядла, а другую на задні арчак, так што абняў левае бядро свайго пана, баючыся адыйсці ад яго ні на палец — такім вялікім быў яго страх перад ударамі, якія ўсё яшчэ мерна чуліся адзін за адным. Так абодва яны, рыцар і яго зброеносец, прастаялі досыць доўгі час. Нарэшце, Дон-Кіхот зноў прышпорыў каня, а Расінантэ некалькі разоў скокнуў, але не крануўся з месца, — так добра быў ён спутаны.

Якраз у гэты час (ці ад таго, што ўжо надышоўшая ранічная прахалода таму садзейнічала, ці проста па натуральнаму ходу рэчаў, што хутчэй за ўсё) Санчо адчуў моцнае жаданне зрабіць тое, чаго ніхто другі не мог зрабіць замест яго. Аднак страх, які напоўніў яго душу, быў такім вялікім, што Санчо не адважыўся адыйсці ад свайго пана нават на кончык пазногця. Не зрабіць-жа таго, што складала для яго безадкладную патрэбу, таксама было немажліва.

Тады ён апусціў правую руку, якою трымаўся за арчак сядла, і ціха, не падымаючы шуму, развязаў шнурок штаноў, і яны зваліліся да яго ног, спутаўшы іх, як кайданамі. Потым ён падняў сарочку і выставіў на паветра абедзве палавінкі свайго сядалішча (а былі яны нямалых памераў). Калі ён зрабіў гэта, ён сцяў зубы і падняў угару плечы, уцягваючы ў сябе, колькі мог, дыхання. Але, не гледзячы на свае патугі, ён быў такім няшчасным, што ўрэшце зра-