Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ад небяспекі, хаця-б нам не давялося піць цэлых тры дні. З той прычыны што ніхто нас не бачыць, ніхто не будзе і называць нас баязліўцамі, і калі ўжо міласць ваша не хоча зусім адмовіцца ад задуманага ёю ўчынку, прынамсі адкладзіце яго хоць да раніцы, бо, мяркуючы па прыметах, пра якія я даведаўся, калі быў пастухом, да золку засталося, магчыма, менш трох гадзін.

— Няхай не будзе сказана пра мяне, — адказаў Дон-Кіхот, — што слёзы і просьбы перашкодзілі мне зрабіць тое, што ў якасці рыцара я павінен быў зрабіць. З гэтай прычыны прашу цябе, Санчо, змоўкні! Перад табою стаіць толькі адно: добра падцягні падпругі Расінантэ і аставайся тут, бо я хутка вярнуся, жывы або мёртвы.

Калі Санчо ўбачыў, што гэта — канчатковае рашэнне яго пана, і пераканаўся, як мала на яго дзейнічаюць слёзы, парады і просьбы, ён надумаўся пусціць у ход хітрасць, каб прымусіць яго чакаць золку. Ён непрыкметна наморднікам асла звязаў абедзве нагі Расінантэ, так што, калі Дон-Кіхот захацеў ехаць, ён не мог гэтага зрабіць: конь не рухаўся інакш, як толькі скачкамі. Убачыўшы, як добра яму ўдалася гэтая хітрасць, Санчо сказаў:

— Вось, сен’ёр, неба, расчуленае маімі слязмі і ўпрашваннямі, зрабіла так, што Расінантэ не можа крануцца з месца. Калі-ж вы захацелі-б быць упартым, нукаць і біць каня, гэта азначала-б гнявіць лёс і, як гаворыцца, ісці супроць ражна.

Дон-Кіхот быў у роспачы, але чым больш ён прышпорваў Расінантэ, тым менш той кратаўся з месца. Ніяк не здагадваючыся, што ў каня звязаны ногі, Дон-Кіхот палічыў тады за лепшае заспакоіцца і чакаць, каб развіднела або каб Расінантэ пачаў рухацца.

— Раз гэта так, Санчо, што Расінантэ не можа рухацца, я згодзен чакаць тут, покуль нам ухмыльнецца раніца, хаця я ледзь не плачу ад таго, што яна так не спяшаецца паказвацца.

— Плакаць няма чаго, — засупярэчыў Санчо, — бо я буду