Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вакол стаяла цёмная ноч, і нашы шукальнікі прыгод апынуліся пад высокімі дрэвамі, лісце якіх ад лёгкага ветру глуха і злавесна шамацела. Цемра, пустынная мясцовасць, шум вады і шолах лісцяў кідалі ў спалох і жах, тым больш, калі яны пераканаліся, што ўдары не змаўкаюць, і вецер не спыняецца дзьмухаць, і раніца не займаецца. Да ўсяго гэтага мясцовасць была ім зусім незнаёмай.

Дон Кіхот ускочыў на Расінантэ, надзеў на руку шчыт і, падняўшы кап’ё, сказаў:

— Санчо, сябра, ты павінен ведаць, што я, па загаду неба, нарадзіўся ў гэты наш жалезны век, каб уваскрасіць у ім так званы залаты век. Я — той, для каго прызначаны небяспекі, вялікія справы і ўчынкі. Заўваж добра, верны мой зброеносец, цемру гэтай начы, дзіўную яе цішыню, глухі і смутны шолах дрэў, страшэнны рэў вады, якую мы шукалі, услухайся ў гэтыя бесперапынныя мерныя ўдары, што мучаюць нас і раняць нашы вушы. Усіх гэтых з’яў разам узятых і кожнай з іх у паасобку было-б дастаткова, каб усяліць страх, спалох і жах у грудзі самога Марса[1]. Але ўсё, што я зараз апісаў табе, абуджае і запальвае ва мне адвагу, і сэрца маё так і б’ецца ў грудзях ад жадання ісці насустрач страшэннай гэтай прыгодзе, якой-бы небяспекаю яна ні пагражала. Такім чынам, Санчо, падцягні крыху падпругі Расінантэ. Чакай мяне тут не больш трох сутак, і калі я на працягу гэтага часу не вярнуся, едзь да нас у сяло, а адтуль у Табосо і перадай там непараўнальнай маёй сен’ёры Дульсінеі, што палонены ёю рыцар загінуў, творачы адзін з тых учынкаў, якія зрабілі-б яго вартым называцца яе прыхільнікам!

Калі Санчо пачуў гэтыя словы свайго пана, расчулены да канца, ён заплакаў і сказаў:

— Не ведаю, сен’ёр, навошта ваша міласць жадае ісці насустрач такой жахлівай прыгодзе. Цяпер ноч: тут ніхто вас не бачыць, мы лёгка можам звярнуць з дарогі і схавацца

  1. Бог вайны у старажытных рымлян.