Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны праехалі невялікую адлегласць між двума ўзгоркамі і апынуліся на глухой шырокай прагаліне, дзе абодва спыніліся, і Санчо разгрузіў тут свайго асла. Пан і слуга ляглі на зялёную траву і напакавалі свае страўнікі многімі смачнымі прадуктамі, што везлі з сабою праваднікі нябожчыка, сен’ёры царкоўнікі, якія рэдка забываюць грунтоўна паклапаціцца аб сабе. Але з Дон-Кіхотам і яго зброеносцам здарылася новая бяда, якую Санчо палічыў за горшую ад усіх: у іх не было не толькі віна, але нават і вады, каб прамачыць сабе горла.


РАЗДЗЕЛ XIII
Пра нябачаную і нечуваную прыгоду, даведзеную да канца харобрым Дон-Кіхотам Ламанчскім з меншай небяспекай, як прыгода, якая здарылася з кім-небудзь з другіх праслаўленых на свеце рыцараў

Без сумнення, сен’ёр мой, — сказаў Санчо, — тут блізка павінна быць крыніца або ручэй, асвяжаючы гэты луг. Варта прайсці крыху далей і знайсці месца, дзе можна будзе здаволіць страшэнную смагу, якая мучыць нас і якая, безумоўна, горшая за голад.

Дон-Кіхот узяў за аброць Расінантэ, а Санчо ўзяўся за наморднік асла, перад гэтым паклаўшы на яго рэшткі вячэры, і абодва яны пачалі навобмацак падымацца па лузе ўгару, бо начная цемра перашкаджала ім бачыць. Але не прайшлі яны і двух соцень крокаў, як да іхніх вушэй даляцеў моцны шум вады, нібы падаючай з высокіх і крутых скал. Гэты шум надзвычайна ўзрадаваў іх. Калі-ж яны спыніліся, каб прыслухацца, з якога боку ён чуецца, да іх вушэй раптоўна даляцеў грукат другога сорту, які знішчыў іхнюю радасць ад знойдзенай вады, і асабліва радасць Санчо, бо ён па прыродзе быў маладушным і баязлівым. Яны пачулі нейкія мерныя ўдары, змешаныя з лязгам жалеза і ланцугоў, а ўсё гэта суправаджалася страшэнным гулам вады, падаючай са скал, і напоўніла-б спалохам кожнае сэрца, выключаючы толькі сэрца Дон-Кіхота.