Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прасіў у іх ад яго імя прабачэння за абразу, якую ён ім зрабіў. А Санчо яшчэ дадаў:

— Калі-б гэтыя сен’ёры захацелі даведацца, хто той харобры чалавек, які так адлупцаваў іх, скажыце ім, ваша міласць, што гэта быў славуты Дон-Кіхот Ламанчскі, называемы таксама другім іменем: рыцар Сумнага Вобразу.

Тады бакалаўр сказаў, ад’язджаючы:

— Я запамятаў папярэдзіць вашу міласць, што вы адлучаны ад царквы за тое, што прымусова паднялі руку на свяшчэнныя рэчы.

Бакалаўр паехаў, а Дон-Кіхот запытаў Санчо, што прымусіла яго назваць свайго пана рыцарам Сумнага Вобразу.

— Цяпер скажу вам, — адказаў Санчо. — Я глядзеў на вас некалькі хвілін пры святле факела, які трымаў у руках той няшчасны кульгавы, і шчыра кажу, у вашай міласці быў самы жаласны твар, які я калі-небудзь бачыў. Напэўна, гэта адбылося з той прычыны, што вы моцна стаміліся ў бойцы, або ад недастаючых у вас пярэдніх і карэнных зубоў.

— Зусім не тое, — адказаў Дон-Кіхот, — але мудрацу, які будзе пісаць гісторыю маіх учынкаў, здалося зусім неабходным, каб я абраў сабе прозвішча, як гэта рабілі ўсе рыцары ў былыя часы; адзін з іх называўся рыцарам Палаючага Мяча, другі — рыцарам Адзінарога, трэці — рыцарам Смерці, і пад гэтымі прозвішчамі яны былі вядомы на ўсёй зямной кулі. Той мудрэц і зрабіў на цябе ўплыў, каб ты назваў мяне рыцарам Сумнага Вобразу, як я цяпер і мяркую называцца. А каб гэтае прозвішча яшчэ лепш да мяне ішло, я, калі будзе выпадак, загадаю намаляваць на сваім шчыту надзвычайна сумную фігуру.

— Навошта вам траціць час і грошы на маляванне такой фігуры, — сказаў Санчо, — вам трэба зрабіць толькі адно: няхай ваша міласць пакажа сваю фігуру, а тым, якія будуць глядзець на вас, адкрыйце свой твар, і адразу-ж без ніякіх маляванняў і шчытоў вас назавуць рыцарам Сумнага Вобразу.

З гэтымі словамі Санчо, пагнаўшы наперад свайго асла, папрасіў і пана ехаць за ім.