Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

калі ён быў незаняты (а здаралася гэта большую частку года), чытаў рыцарскія кнігі з такім захапленнем і прагнасцю, што амаль зусім забываў на паляванне і нават на сваю гаспадарку. Яго цікавасць і вар’яцтва ў гэтых адносінах дайшлі да таго, што ён прадаў некалькі ўчасткаў пахаці, каб купіць сабе рыцарскія кнігі. Такім чынам ён сабраў іх у сваім доме столькі, колькі мог знайсці.

Наш ідальго да таго захапляўся чытаннем, што праводзіў над кнігамі дні і ночы напралёт. Ад недастатковага сна і бесперапыннага чытання мозг яго так высах, што ён страціў розум. Уяўленне яго напоўнілася ўсім тым, што ён чытаў у сваіх кнігах: чараўніцтвам, сваркамі, бойкамі, выклікамі на дуэль, параненнямі, любоўнымі прыгодамі і немажлівымі недарэчнасцямі. У яго галаву так моцна ўвайшла ўпэўненасць, нібыта ўся маса фантастычных выдумак, якія ён чытаў, не што іншае, як рэчаіснасць, што для яго не існавала другой, больш правільнай гісторыі ў свеце.

Нарэшце, калі розум яго канчаткова зацямніўся, яму прышла ў галаву самая дзівосная думка. Ён парашыў, што яму не толькі трэба, а нават неабходна, — як для ўласнай яго славы, так і для добрабыту дзяржавы, — зрабіцца вандроўным рыцарам: вярхом на кані ў сваіх уборах валацужыць па свеце ў пошуках прыгод, займацца тым, чым займаліся, ён гэта чытаў, вандроўныя рыцары: помсціць за ўсялякія крыўды, ісці насустрач розным небяспекам і выпадковасцям, каб, перамогшы іх, пакрыць сваё імя вечнай славай. Ва ўяўленні сваім небарака ўжо бачыў сябе нагароджаным, дзякуючы сваёй харобрасці, прынамсі, каронай. У чадзе такіх прыемных мараў ён парашыў хутчэй ажыццявіць тое, да чаго так імкнуўся.

Раней за ўсё ён узяўся за чыстку ўзбраення, якое належала яшчэ яго прадзедам і, з’едзенае іржою і цвіллю, цэлыя стагоддзі аставалася забытым і закінутым недзе ў куту. Ён вычысціў і выраўняў яго як мог лепш, але заўважыў наступны вялікі недахоп: шлём быў няпоўны, нехапала забрала і ніжняй часткі шлёма, — гэта быў просты шы-